Распрацаван новы стыль для ўпрыгажэння навагодняй сталіцы

10 декабря 2013

Святлодыёдныя сеткі, навагоднія шарыкі, гірлянды і... Волаты! Сёлета дызайнеры распрацавалі новы стыль для ўпрыгажэння навагодняй сталіцы. Цалкам гатовымі да свята ёлкі будуць праз некалькі дзён. Пакуль жа завяршаюць апошнюю падрыхтоўку. Распрацаваны план канцэртных праграм і навагодніх мерапрыемстваў - ад калядных кірмашоў да лічбавых віншаванняў.


Якім будзе свята сёлета, ведае Аляксандра Драгун. Застаецца толькі замацаваць цацкі, і да зімовых свят гатовыя! На гэтым тыдні сталічныя ёлкі заззяюць па-навагодняму. Сярод звыклых шарыкаў, гірлянд і сняжынак з'явіцца і Волат. Атмасферу зімовых свят дапоўняць віншаванні на лічбавых паштоўках.


План святочных мерапрыемстваў ужо гатовы. 25 пляцовак пад адкрытым небам рыхтуюць да навагодняй ночы. Сумесныя гулянні пачнуцца ў адзінаццаць вечара і прадоўжацца да чатырох раніцы. Дарэчы, сёлета з'явіцца дадатковая пляцоўка для гулянняў - ля Чыжоўка-Арэны. Галоўныя ж мерапрыемствы запланаваныя ля Палаца спорту.


Навагоднія кірмашы, аніматары, канцэртная праграма і светлавое ўпрыгажэнне. Усё гэта запланавана на галоўнай навагодняй пляцоўцы ля Палаца спорту. Месца выбрана невыпадкова. На працягу восені тут праходзілі рыбныя і сельскагаспадарчыя кірмашы. Удалае размяшчэнне - побач метро і прыпынак наземнага транспарту.


31-га снежня ў сталіцы будуць сапраўдныя белыя ночы. Такі эфект створыць светлавое афармленне. Дарэчы, сёлета ілюмінацыя зазіхаціць па-асабліваму.


Паклапаціліся і пра вольны час школьнікаў падчас зімовых канікул. Для аздараўлення і забавы - 80 каткоў і 20 хакейных пляцовак.


Кульмінацыяй навагодняга свята стане піратэхнічная феерыя. Традыцыйна рознакаляровымі агнямі заззяе неба над стэлай. У гадзіну ночы прагучаць першыя залпы навагодняга салюту.