Свята вады і агню адзначылі ў Мінску

7 июля 2014

Свята вады і агню адзначылі ў Мінску. Купалле святкавалі ў галоўных парках сталіцы. Старажытныя абрады праводзяць менавіта ў самую кароткую ноч. Час летняга сонцастаяння - галоўнае свята славян. Дарэчы, гэты дзень лічыцца развіццём жыццёвых сіл прыроды. Містычную атмасферу стварылі ў Батанічным садзе і ў Лошыцкім парку.


Расказвае Юлія Токар.


Купалле лічыцца самым таямнічым святам. У сталіцы яго адзначалі згодна са старажытнымі традыцыямі. Батанічны сад быў шчодрым на кветкі. Рамонкі, званочкі, ліліі, валошкі… Не хапала толькі папараць-кветкі. Яе і шукалі маладыя людзі. Пад гукі народных мілагучных песень. А галоўныя персанажы ночы ладзілі карнавальнае шэсце. Пасля конкурсаў дзяўчаты рознакаляровымі стужкамі прывязалі свае жаданні да дрэва Купалінкі.


Любімая забава дзяўчат - пляценне вянкоў. Кветкі звязваюць галінкамі дуба, клёна або бярозы. Справа гэта не складаная, галоўнае - каб вянок выглядаў стракатым.


У Лошыцкі парк чароўныя русалкі, лясуны і зазоўкі на свята прыйшлі з добрым намерам - наваражыць нарачоных маладым людзям. Не абышлося на Купаллі і без шляхецкіх гульняў: старажытныя танцы, кіданне сякеры і нават рубка цукерак з панам Ярнутоўскім.


Аляксей Коваль, удзельнік свята: Вельмі простая гульня - шляхецкія забавы. Ведаюць многія, на Купалле праводзілася шмат розных гульняў, і вось адна з гэтых - рубка цукерак. Ну як бачыце, тут на трапнасць правяраем народ.


Гулянні працягваліся да позняга вечара. Кульмінацыя свята перанеслася на бераг возера.


На Купалле дзяўчынкі традыцыйна гадаюць на суджанага. Вянкі з палявых кветак плятуцца адразу перад апусканнем на ваду. І калі вянок паплыве - гэта гарантуе доўгае і шчаслівае жыццё.


Здаўна людзі верылі ў магічную сілу прыроды. Хто добра сустрэне свята, таму ўдача будзе спадарожнічаць увесь год.