Апошні званок у сталіцы прагучыць 31 мая

23 мая 2014
А вось 12 чэрвеня пасля экзаменаў ва ўсіх школах горада адбудзецца святочнае ўручэнне атэстатаў, якія атрымаюць і дзевяцікласнікі. Вядома, некаторыя з іх новы навучальны год сустрэнуць у якасці навучэнцаў тэхнікумаў і вучылішчаў.

Наталля Кузьміцкая пра першы крок у дарослае жыццё.

Да заканчэння вучэбнага года застаўся амаль тыдзень. Пакуль адны дзеці збіраюць чамаданы ў лагеры, другія - рыхтуюцца да здачы экзаменаў.

Адразу пасля выпускных пачнецца дарослае жыццё. Былыя школьнікі стануць абітурыентамі. І ўжо 14 чэрвеня іх чакае першы іспыт - цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове.

Сярод тых, хто першы адкрые тэсты ЦТ, і Вольга. Дзяўчына вырашыла папоўніць рады журналістаў. Таму акрамя асноўных для здачы прадметаў яна рыхтуецца і да творчага іспыту. А ў час, свабодны ад вучобы, выбірае выпускную сукенку.

У 25-ай сярэдняй школе адзінаццаты класс - адзін. Вучні яшчэ чатырох класаў атрымалі базавую адукацыю. На працягу ўсяго навучальнага года з дзецьмі працаваў псіхолаг, а па экзаменацыйных прадметах праходзілі дадатковыя заняткі.

З 2-га чэрвеня па 28-га жніўня пачнецца прыём дакументаў у першыя классы. У новым навучальным годзе за парты сталічных школ сядзе больш за 20 тысяч першакласнікаў.