Аблвыканкам падвёў вынікі першага паўгоддзя

25 июля 2013
Сёння ў аблвыканкаме адбылося пасяджэнне, на якім падводзілі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну за першае паўгоддзе. Вось толькі вынікі аказаліся станоўчымі не ва ўсіх галінах эканомікі.

Больш падрабязна Наталля Кезік.

Большасць кіраўнікоў раёнаў вобласці на сённяшнім пасяджэнні атрымалі вымову за невыкананне планаў. Эканамічныя паказчыкі ў цэнтральным рэгіёне па двух пунктах аказаліся нявыкананымі.

За першае паўгоддзе ў вобласці створана 117 новых прамысловых прадпрыемстваў, а гэта 2200 рабочых месцаў. Тым не менш 8 раёнаў вобласці і горад Жодзіна з задачамі не справіліся.

Да канца года неабходна стварыць у кожным раёне як мінімум 10 новых прамысловых прадпрыемстваў і адпаведна 30 рабочых месцаў у кожным.

Сёння не ўсе прадпрыемствы ў стане працаваць эфектыўна. 117 з іх стратныя. Гэтую лічбу старшыня Мінаблвыканкама загадаў скараціць. Між тым вобласць датэрмінова выканала адзін з найважнейшых паказчыкаў - сярэдні заробак. Цяпер галоўнае - своечасова выплачваць.
Менш у вобласці надаілі і малака - амаль на 3%. 14 раёнаў не змаглі сёлета дасягнуць нават мінулагодніх паказчыкаў. Паўплывала даволі халодная зіма і недастатковая колькасць нарыхтаваных кармоў.

Тым не менш галоўны паказчык - валавы рэгіянальны прадукт - за паўгода вырас на 2%. Рост агульнай казны стрымала зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці двух гігантаў цэнтральнага рэгіёну.

Таму губернатар вобласці загадаў кіраўнікам раёнаў і эканамістам зменшыць залежнасць рэгіянальнага валавага прадукта ад працы прамысловых прадпрыемстваў.

У кіраўнікоў раёнаў яшчэ дастаткова часу, каб выправіць памылкі і падцягнуць неабходныя паказчыкі. Наперадзе - 6 месяцаў плённай і напружанай працы. Калі ўсё атрымаецца, то на пасяджэнні ў студзені крытычных заўваг і вымоў з боку кіраўніцтва вобласці адназначна стане менш.