Тыдзень застаецца да Вялікага навагодняга балю

6 января 2014

Сёння ж увечар адбудзецца генеральная рэпетыцыя. Гэта апошні шанец для ўдзельнікаў балю яшчэ раз паўтарыць усе па. Наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч таксама не прапусціла аніводнай рэпетыцыі і запыталася ў калег па танцах, чаго яны чакаюць ад мерапрыемства.


На працягу двух месяцаў яны старанна развучвалі старадаўнія танцы, хоць большасць і не з'яўляецца прафесійнымі танцорамі. Але пад кіраўніцтвам вопытных танцораў усё атрымалася.


Расказвае Антаніна Станкевіч.


Танцаваць на стары Новы год будуць з паловы на дзявятую вечара і да позняй ночы. Да балю рыхтуюцца старанна, асабліва прыгожы пол: кожнай жанчыне хочацца быць самай-самай у гэты вечар.


Падчас балю таксама выберуць некалькі найлепшых пар у розных намінацыях. Курсант ваеннай акадэміі Яўген, якому ў пару дасталася карэспандэнт Агенцтва тэленавін, мае даволі амбіцыйныя планы на гэты вечар.


У танцавальнай праграме вечара - шэсць абавязковых пастановачных танцаў. Адкрывае баль вялікі паланэз. Далей удзельнікам трэба будзе станцаваць контрданс, польку, мазурку. Але самым грандыёзным нумарам праграмы павінен стаць, вядома ж, венскі вальс.