На змену зернеўборачнай на палі выйшла кормаўборачная тэхніка

8 октября 2013

На змену зернеўборачнай на палі Мінскай вобласці выйшла кормаўборачная тэхніка. Аграрыі цэнтральнага рэгіёну актыўна ўбіраюць кукурузу на зерне. Сёлета пад пасевы царыцы палёў у вобласці адведзена звыш 60 тысяч гектараў. Чаму аграрыі ўсё больш аддаюць перавагу менавіта гэтай культуры? Як экстрэмальныя ўмовы надвор'я адбіліся на яе ўраджайнасці?


Высвятляў Аляксандр Харавец. Аляксандр Рончык ужо 10 сезон убірае з палёў ураджай. Спачатку збожжавыя, дарэчы, менавіта ён у Капыльскім раёне намалаціў першую тысячу тон збожжа, а зараз жне кукурузу на зерне. За дзень намалочвае каля 100 тон. Прызнаецца, што працаваць на ўборцы царыцы палёў не так проста.


Сёлета ў гаспадарцы Старыца-Агра пад кукурузу адвялі каля 2 тысяч гектараў. Палову на зерне. Сельгаскультура, нягледзячы спачатку на дажджлівую вясну, затым на засушлівае лета, вырасла ў 2 чалавечыя росты.


За апошнія гады пасяўныя плошчы кукурузы ў гаспадарцы павялічылі ўдвая. У планах далейшае нарошчванне яе вытворчасці. Такое імкненне апраўдана. Па энергетычнай каштоўнасці кукурузнае зерне не саступае фуражнаму. Ураджайнасць вышэйшая, а яго вытворчасць у разы таннейшая. Большая частка кукурузы адразу перамолваецца і закладваецца ў спецыяльныя рэзервуары.


За гадзіну гэтая драбілка перамолвае каля 10 тон зерня. За змену - больш за сотню. І гэта ўжо гатовая ежа для жывёл. Кілаграм такой кукурузнай массы па пажыўных якасцях раўнацэнны кілаграму камбікорму.


Па Мінскай вобласці кукурузай засеяны каля 220 тысяч гектараў. Чацвёртую частку сёлета спецыяльна адвялі пад зерне. Аграрыі плануюць сабраць каля паўмільёна тон.


Убраць кукурузу аграрыі плануюць да 1 лістапада. І адразу пачнуць падрыхтоўваць глебу пад будучыя пасевы. У наступным годзе яны павялічацца на трэць.