На Мядзельшчыне адзначылі свята возера

28 июля 2014

Свята возера адзначылі на Мядзельшчыне. Гарадскі пляж ужо другі раз збірае амаль усіх жыхароў Нарачанскага краю. Наведвальнікаў чакала водная алімпіяда па-мядзельскі, спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, а таксама вогненнае шоу.

Юлія Токар была на свяце да позняй ночы.


Лета, мора, сонца, пляж. Ліпень для мядзельцаў - адметны месяц. Найцікавейшы самабытны куток не адрозніш ад замежных курортаў. Тут свята возера адзначаюць з размахам. На беразе Мястры раскінулася тэатралізаваная пляцоўка з адметнымі песнямі, танцамі, паказальным выступленнем на байдарках і цікавымі конкурсамі на вадзе.


Ганна Казакевіч, дырэктар Дома культуры г. Мядзеля: Мы не ўяўляем сабе жыццё без возера, таму што кожны вечар можна выйсці пагуляць, прайсці на бераг, паглядзець на захад, паглядзець на ўзыход. Гэта, напэўна, лепшая пара. І ты разумееш, наколькі выдатнае жыццё, прырода беларускага края, як тут, у нас, добра.


Беларускі курорт з пампезнымі імпрэзамі прываблівае і турыстаў. Юлія Барзакоўская з Казахстана з вялікім задавальненнем свой адпачынак вырашыла правесці на беларускім узбярэжжы.


Падчас мерапрыемства працавалі некалькі тэматычных пляцовак. Не абышлося і без воднай алімпіяды па-нарачанску.


На мядзельскім пляжы сапраўдная пенная вечарынка. Галоўныя героі свята - русалка і вадзяны - кіруюць на беразе. Там зараз водная феерыя, фантаны, пырскі. Весяляцца і прымаюць сонечныя ванны не толькі моладзь, але і ўсе жыхары Нарачанскага краю.


У гэты маляўнічы куточак Аляксандр Цыгельнікаў - рыбак па прызванні - трапіў яшчэ маладым. Любоў да возера з'явілася адразу - свой дом на беразе, лодка і вудачкі. Зараз без рыбалкі ні дня.


Мядзельскі раён лічыцца скарбонкай прыродных багаццяў. Толькі ў Нарачанскім краі - 52 возеры.