Камітэт дзяржкантролю ўзяўся за элітныя даўгабуды прыватных забудоўшчыкаў

16 августа 2013

Рабочая група па праблемных пытаннях будаўнічай галіны разам з Камітэтам дзяржкантролю ўзялася за прыватных забудоўшчыкаў. Зараз у Мінску з 63 дамоў, якія будуюцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў, 24 узводзяць камерцыйныя кампаніі. На будпляцоўках пабываў Якаў Бута.




Багатыя таксама плачуць... Элітны дом па вуліцы Лук'яновіча ў Зялёным Лузе. Падземны паркінг, метр каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Засяліць павінны былі яшчэ ў жніўні 2011-га.


Гэты дом - адзін з дваццаці чатырох прыватных даўгабудаў. Усяго ж у Мінску сёння 63 дамы, якія будуюцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. Здаюцца яны зараз актыўнымі тэмпамі. За ліпень ўвялі ў эксплуатацыю сем праблемных дамоў. У жніўні здадуць яшчэ трынаццаць шматпавярховак.


Андрэй Галь, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама, прадстаўнік рабочай групы па праблемах будаўніцтва пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: Заказчыкі працуюць у тым графіку, які зацверджаны мэрам горада і які на сённяшні дзень поўнасцю кантралюецца і выконваецца.




А вось здачы гэтага дома будучыя жыхары чакаюць не так моцна, як у астатніх выпадках. Грошы дольшчыкаў забудоўшчык пачаў прыцягваць зусім нядаўна і не ў поўным аб'ёме. А пасля ўмяшання рабочай групы тэрміны будаўніцтва тут пачалі нават апярэджваць.



У гэтым выпадку бізнесмен за свае грошы правёў асноўныя работы і толькі зараз пачаў прыцягваць сродкі дольшчыкаў. Таму ніякай нездаволенасці ў апошніх няма. Рабочую групу і дзяржкантроль збянтэжыў толькі недахоп рабочых.


Ірына Заморац, інжынер будаўнічай кампаніі: У нас рабочыя працуюць з выпрацоўкай вышэй за 100%. Колькасць людзей, якія стаяць па графіку, не патрабуецца. Прыцягваюць менш.



Для таго каб даўгабудаў - і прыватных і дзяржаўных - станавілася менш, рабочая група распрацавала праект заканадаўчага акта. Неабходна ўзмацніць адказнасць заказчыка і падрадчыка - павялічыць штрафы. Акрамя таго, эксперты прапануюць пры будаўніцтве дамоў фарміраваць невялікую фінансавую падушку бяспекі за кошт заказчыка і забудоўшчыка, з якой можна будзе аператыўна аплаціць работы па ліквідацыі недахопаў, выяўленых у перыяд гарантыйнага тэрміну. У любым выпадку забудоўшчык павінен даказаць сваю плацежаздольнасць.