Хіп-хоп, дэнс-шоу, хаус і дыска

3 ноября 2013

Аматарамі сучасных танцаў становіцца ўсё больш людзей усіх узростаў і прафесій. Адна з прычын папулярнасці - мастацтва сучаснага танца штогод папаўняецца новымі стылямі. Дарэчы, асвоіць кірункі можа кожны, але ўсё ж моладзь - асноўны кантынгент танцавальных заняткаў. На рэпетыцыю аднаго са сталічных клубаў сучаснага танца завітала Надзея Сербіненка.



Маладзёжная субкультура хіп-хоп з'явілася ў ЗША напрыканцы сямідзясятых мінулага стагоддзя. І вось на працягу ўжо амаль 40 гадоў фэшн-культура, танцавальны кірунак і мастацтва графіці захапляюць юнакоў па ўсім свеце.


Антон - адзін з лідараў танцавальнага калектыву. Культура хіп-хоп для яго - гэта перманентны стыль жыцця. Яшчэ ў юнацтве Антон захапіўся гангстарскай музыкай і графіці, але сапраўдны талент выявіўся менавіта ў танцы. Нават дыпломная праца юнака - пра кіраванне школай сучаснага танца.


Дар'я і Ігар выступаюць у стылі данс-шоу. Іх дуэт утварыўся нядаўна, але сяброўства дапамагае адчуваць адзін аднаго вельмі добра. Дарэчы, іх праграма ўжо ўразіла міжнародных суддзяў.


Найбольш вясёлым і энергічным здаецца нумар у стылі дыска. Дарэчы, ён ўключае элементы джаз-мадэрна, балета, акрабатыкі і адметны вельмі хуткім тэмпам. Прадстаўнікі стылю - хлопчыкі і дзяўчынкі 9-10 гадоў. Для іх выступленне на вялікай сцэне - асабліва хвалюючае, бо яны танцуюць побач з калегамі, удвая старэйшымі за іх.


Танцоры ўсіх напрамкаў і ўзростаў зараз рыхтуюцца да выступлення на сцэне Палаца спорту. Аб'ядноўвае ж усіх адно - імкненне заўсёды рухацца наперад і адданасць сучаснаму танцу.