Кожны трэці школьнік нашай краіны пакутуе на блізарукасць

9 апреля 2014
На школьных медаглядах усё часцей гучыць дыягназ дрэнны зрок і скрыўленне паставы. Прычынай гэтага з'яўляецца не толькі дрэнная экалогія і спадчыннасць, але і празмерная захопленасць дзяцей камп'ютарам. Наконт інтэрнэт-залежнасці трывогу б'юць бацькі, настаўнікі, урачы. Колькі ж часу дазваляецца праводзіць дзецям за камп'ютарамі і якія наступствы чакаюць юных інтэрнэт-карыстальнікаў - ведае Марына Мураўёва.

Настаўнікі пачатковых класаў б'юць трывогу. Замест прывычнага некалі дзіцячага гоману і беганіны на перапынках дзеці завісаюць у сваіх мабільных і планшэтах. І, здавалася б, некалькі гадоў таму гэта было толькі забавай, але сёння ўжо залежнасць. Спынiць гэта якім-небудзь чынам - прызнаецца настаўніца пачатковых класаў Людміла Пятроўна - не заўсёды атрымліваецца.
І сапраўды. Мы зазірнулі ў 4-ы клас на перапынку і не ўбачылі занятых рухомымі гульнямі дзяцей. Віртуальная рэальнасць паглынула рэальнасць паўсядзённую. Дзеці цалкам занятыя планшэтамі і мабільнымі тэлефонамі. Аднак тое, што інтэрнэт-сёрфінг у большасці сваёй да дабра не прыводзіць, дзеці добра разумеюць.
Са з'яўленнем разнастайных гаджэтаў інтэрнэт для дзяцей стаў больш даступным. Інтэрнэт-гульні дома і тое ж на перапынках у школе. І таму ўсё часцей на бацькоўскіх сходах падымаецца тэма дзіцячага карыстання інтэрнэтам.
Дзіцячую інтэрнэт-залежнасць параўноўваюць з гульнявой і нават наркатычнай. Толькі адна гадзіна на дзень не шкодзіць здароўю дзяцей. І тая з перапынкамі на гімнастыку для вачэй.
Інтэрнэт-сёрфінг цалкам паглынае не толькі цікавасць першакласнікаў, але і іх здароўе. Дрэнны зрок і няроўная пастава - практычна ў кожнага другога вучня. Для таго каб пазбегнуць апошняга, неабходна абмяжоўваць баўленне часу дзіцяці за маніторам.
Першымі сімптомамі такой залежнасці з'яўляюцца нервовасць дзіцяці, дрэнная паспяховасць у школе і нежаданне выходзіць на вуліцу. Дарэчы, дыягназу дзіцячая інтэрнэт-залежнасць у нашай краіне не існуе. Гэтак жа, як і няма чароўных лекаў. Таму адпачынак усёй сям'ёй, зацікаўленасць бацькоў і хобі дзіцяці - найлепшая альтэрнатыва віртуальным забавам.