Група энтузіястаў збірае сродкі на рэканструкцыю Мінскай абсерваторыі

3 августа 2013

Будынак не дзейнічаў больш за 15 гадоў. Што на працягу доўгага часу перашкаджала беларусам назіраць за зорным небам, разбіралася Дар'я Бігун.



Мінская абсерваторыя была адкрыта ў 1965 годзе. Тут праводзіліся экскурсіі, публічныя астранамічныя назіранні, былі арганізаваны навуковыя гурткі. Многія выхадцы з іх цяпер працуюць у вядучых навуковых лабараторыях свету.


На працягу 15 гадоў зоркі для аматараў-астраномаў не запальваліся. У 1995 годзе будынак закрылі па тэхнічных прычынах, толькі ў 2009 яго паспрабавалі аднавіць. Група энтузіястаў адрэстаўравала трубу нямецкага старадаўняга тэлескопа, правяла касметычны рамонт памяшкання. На аднаўленне толькі аднаго тэлескопа спатрэбіліся 4 месяцы.
Праведзеных работ аказалася недастаткова. У выніку яшчэ адно пакаленне астраномаў засталося без магчымасці назіраць за зоркамі і Месяцам. Каб у найбліжэйшы час усё ж адкрыць неба, вырашана зноў узяцца за аднаўленне абсерваторыі.


Не выключана, што пасля рэстаўрацыі будынак абсерваторыі трапіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У многіх гарадах Еўропы абсерваторыі і планетарыі з'яўляюцца цэнтрамі папулярызацыі навукі. Пакуль аўтары мінскага праекта збіраюць каманду зацікаўленых людзей і шукаюць розных спецыялістаў у галіне астраноміі. Праект будзе каштаваць каля 50 мільёнаў рублёў.