Экскурсіі па музеі ў 3D акулярах

20 сентября 2014
Новая экспазіцыя з элементамі сучасных тэхналогій - да 70-годдзя Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Наведвальнікі ў 3D акулярах, у залах сэнсарныя экраны і жывая інсталяцыя. Дарэчы, ноу-хау з'яўляюцца не ў адным сталічным музеі. Інтэрактыўным стаў і Беларускі дзяржаўны музей гісторыіі Вялікай Айчыннай вайны.

Да экскурсіі на новы лад далучылася Юлія Токар.

8 экспазіцыйных залаў, кожная абсталявана сэнсарным экранам. Карыстацца імі наведвальнікі могуць самастойна і такім чынам атрымліваць дадатковую інфармацыю аб жыццІ і творчасці паэта. У Літаратурным музеі Янкі Купалы біяграфію беларускага песняра можна чытаць, бачыць, вывучаць навобмацак. Экскурсіі па новай экспазіцыі Шляхі праходзяць у 3D акулярах. Галаграфічны тэатр - першы ў Беларусі.

Кірыл толькі праводзіць рукой перад экранам і старонкі перагортваюцца самі. Можна чытаць вершы Купалы, глядзець на яго почырк.

Каб зацікавіць маленькіх наведвальнікаў, прадугледжана інтэрактыўная зона. Тут можна адчуць сябе сапраўдным лётчыкам, пра што паэт з любоўю пісаў яшчэ ў 30-я гады. А ў наступнай зале - Мінск пачатку 20-га стагоддзя.

Ёсць магчымасць зазірнуць у рабочы кабінет паэта. На дубовым стале лямпа, кнігі, тэлефон. Усё гэта прадметы таго часу. І сам ён, бывае, заходзіць, п'е гарбату, чытае свае вершы і слухае музыку.

Інтэрактыўным стаў і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут не проста дэманструюць экспанаты, а імкнуцца выклікаць эмацыянальны водгук. Мультымедыйныя экраны, тэматычныя інсталяцыі, віртуальныя гістарычныя рэканструкцыі.

З дапамогай сучасных тэхналогій магчыма ўзнавіць і прадметы, якіх няма ў музейных калекцыях. І ноу-хау з'яўляюцца не толькі для таго, каб інфармацыя ўспрымалася наглядна, але і для яскравых уражанняў, якія застануцца пасля экскурсіі.