Эканамічны эфект імпартазамяшчэння

22 октября 2013

Больш за 60 мільёнаў долараў сёлета зэканоміла Мінская вобласць. Найбольшую актыўнасць у выпуску айчынных тавараў замест імпартных выяўляюць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. Аляксей Кандраценка ведае, дзе ў сталічным рэгіёне выпускаюць медыцынскую і артапедычную прадукцыю і чаму на яе вялікі попыт.




Гэтая швейная вытворчасць - як адно гіганцкае тэхналагічнае павуцінне. Толькі ткуць тут ніткі для медыцынскіх вырабаў. Аксана адказвае за вытворчасць эластычных бінтоў. У сваёй працы не можа дапусціць памылку ні на міліметр - інакш пацерпіць якасць тавару.


Прадпрыемства ў Маладзечна вырабляе больш за 10 відаў адных толькі медыцынскіх бінтоў. Такія можна знайсці амаль у любой аптэцы або бальніцы.


Пры вытворчасці бінту выкарыстоўваецца бавоўна самай высокай якасці. Матэрыял вельмі добра ўсмоктвае вадкасць, акрамя таго, ён вельмі моцны.


За 16 гадоў кампанія ўпэўнена замацавалася на рынку. Мадэрнізацыя вытворчасці і прадуманая маркетынгавая стратэгія дазволілі заявіць пра сябе і асвоіць новыя віды прадукцыі. Бандажы, падушкі анатамічныя, вырабы для суставаў і артапедычныя вусцілкі. Універсальныя і карысныя рэчы, для якіх не патрэбен рэцэпт урача.


Дарэчы, прадукцыя з Маладзечна не толькі імпартазамяшчальная, але і арыентаваная на экспарт.


Алег Паліціка, дырэктар прадпрыемства па вытворчасці кампрэсійных медыцынскіх вырабаў: Да 50% прадукцыі мы вывозім за мяжу. У нас ёсць уласныя дыстрыб'ютары ў Маскве, Екацерынбургу, Санкт-Пецярбургу. Акрамя таго, у нас развітыя сувязі з Казахстанам.



Патэнцыял прадпрыемства высока ацанілі і ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце. Менавіта сярэдні бізнес, лічаць спецыялісты, - лакаматыў працэсу імпартазамяшчэння.



Віталь Жук, начальнік аддзела УП Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: Мы хацелі паказаць, што палітыка прадпрыемства выбрана такім чынам, каб вырабляць экспартнаарыентаваную і імпартазамяшчальную прадукцыю. Мы бачым, што яна карыстаецца попытам.


Станкі ў гэтых цэхах амаль ніколі не змаўкаюць. А грузавікі заўсёды напагатове. Кампанія ведае: важна не толькі стварыць патрэбны ўсім тавар, але і своечасова яго даставіць спажыўцу.