Бесгаспадарчасць у лясніцтве Чэрвеньскага раёна

5 июня 2013

Шэраг парушэнняў знайшлі інспектары Камітэта дзяржкантролю ў адным з лясніцтваў Чэрвеньскага раёна. Вялікі ўчастак лесу ўжо тры гады гніе пасля магутнага ўрагану. Цяпер драўніну не атрымаецца выкарыстоўваць нават як дровы. Між тым, яшчэ ў большы жах кантралёраў прывяла якасць так званага прарэджвання лесу. Акрамя старых галін, ссякаюць і маладыя.


Тэму прадоўжыць Якаў Бута.


Гэты буралом - наступствы магутнага ўрагану трохгадовай даўнасці. Тады ў Чэрвеньскім раёне вецер паваліў 1800 гектараў лесу. Каб выратаваць каштоўную драўніну, яе пачалі аператыўна высякаць. На дапамогу з'ехаліся работнікі лясгасаў з усёй краіны. Мясцовыя леснікі далі справаздачу: увесь буралом прыбраны, і драўніна нарыхтаваная. Аказалася, не ўвесь.


Васіль Рудзенік, намеснік начальніка ўпраўлення КДК: Падчас кантрольных мерапрыемстваў было высветлена, што на 62 гектарах драўніна засталася непрыбранай, яна працягвае страчваць свае якасці і ўжо ператварылася ў гніль.


Забыты ўчастак лесу - гэта страты на 150 мільёнаў рублёў. Менавіта на столькі мог быць вышэйшым кошт драўніны, калі б яе не пакінулі гніць. Леснікі апраўдваюцца: гэты ўчастак быў з залішнім увільгатненнем, і высякаць можна было толькі пры мінусавой тэмпературы. Але зімы апошніх гадоў былі вельмі суровыя.


Але ў сапраўдны жах інспектараў прывяла якасць так званага прарэджвання лесу ў суседнім лясніцтве. Працэс максімальна зразумелы: высякаюць старыя дрэвы, цэлыя пакідаюць. Трэба было нарыхтаваць крыху больш за 100 кубаметраў драўніны. Для гэтага прыйшлося б добра прачасаць лес. Але вырашылі пайсці не скрозь гушчар, а па прамой сцяжынцы. Прасеклі яшчэ некалькі лішніх тэхналагічных калідораў, з якіх і ўдалося атрымаць неабходны аб'ём драўніны. А роля санітараў лесу, напэўна, засталася за ваўкамі.


Яшчэ каля 20 кубаметраў драўніны засталася вось у гэтых пнях. Згодна з нарматывамі, іх вышыня павінна складаць трэць ад дыяметра ствала. У гэтым выпадку гэта прыкладна пяць сантыметраў. На самай справе - больш чым паўметра.


Васіль Рудзенік, намеснік начальніка ўпраўлення КДК: Задача лясгаса - выгадаваць добрую драўніну, першая задача - догляд лесу, пасадка і г. д. Тут не адчуваецца беражлівых адносінаў да лесу.


Прычын гэтаму некалькі. Па-першае, банальнае разгільдзяйства. Рабочыя проста ленаваліся якасна выконваць сваю працу. Па-другое, вызваленне лясгасаў ад выплаты такс. Гэта значыць, за ўсю гэтую драўніну яны фактычна нічога не плацяць, таму і лічыць кожнае дрэва многія не бачаць сэнсу.