Акцыя Нашы дзеці працягваецца

4 января 2014

Праспяваць разам з сапраўднымі артыстамі, выратаваць з дапамогай чароўных герояў самае цудоўнае свята і паспрабаваць смачныя салодкія падарункі. Сёння ў адным са сталічных караоке-клубаў валанцёры Добрага сэрца - самага маладзёжнага аб'яднання краіны віншавалі з надыходзячым Нараджэннем Хрыстовым дзяцей з апякунскіх сям'яў Савецкага раёна Мінска. Для малых падрыхтавалі цэлую канцэртную праграму, падчас якой кожны ахвочы меў магчымасць выйсці на сцэну разам з фіналістамі адборачнага тура конкурсу Еўрабачанне - групай NAPOLI.


А яшчэ была чароўная казка пад назвай Выратаванне Ражства, шмат навагодніх конкурсаў, якія ладзілі для малых галоўныя героі свята Дзед Мароз са Снягуркай, і нават канцэрт па заяўках: маленькім удзельнікам свята далі магчымасць праспяваць пад мінус адзін самыя любімыя песні. Ну і, зразумела, не абышлося без салодкіх падарункаў - свой цукерачны куфэрак атрымаў кожны малыш.


Гэта ўжо не першае навагодняе свята, якое падчас акцыі Нашы дзеці ладзіць самае маладзёжнае аб'яднанне краіны і валанцёры руху Добрае сэрца. Сёння арганізатары паабяцалі: у бліжэйшыя дні яны зноў здзівяць самых маленькіх беларусаў незвычайнымі віншаваннямі і падарункамі.