Зімовыя краявіды ад Міколы Аўчыннікава

16 февраля 2023

Мастак з Маладзечна віртуозна валодае тэхнікай акварэльнага жывапісу. З дапамогай аўтарскіх прыёмаў і тэхнік і адметнага почырку майстра зімовая завіруха, вясновы туман і летні дождж на карцінах мастака становяцца асаблівымі.

Пра зусім не зімовы характар маладзечанскага жывапісца раскажа Ларыса Гулякевіч.

Урок па акварэльным жывапісе - класічныя асновы для мастакоў-пачаткоўцаў і не толькі. Трэба ўпусціць у сваю творчасць музыку і паэзію: стрыманую пявучасць і празрыстую паветранасць колераў акварэлі. Педагог Мікалай Аўчыннікаў на занятках у маладзечанскай гімназіі-каледжы мастацтваў з захапленнем расказвае пра сваё сяброўства з гэтай вытанчанай і капрызнай фарбай.

Для сваіх вучняў  ён не проста настаўнік - мэтр Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў, а ў мастацкім асяроддзі яго называюць Міколам Зімнім. Чаму атрымаў такі псеўданім? Рысы характару ці любоў да родных краявідаў у зімовы перыяд?

Кожнаму перыяду жыцця Мікола Зімні прысвячае аўтапартрэт. Да 70-гадовага юбілею таксама.

У мастака Міколы Зімняга зусім не зімовы характар. Паважае белы колер за чысціню і перспектыўнасць. На белым аркушы паперы нечакана могуць з'явіцца і зімовыя пейзажы, і вясновы настрой, і празрыстыя пачуцці лета, а могуць і абстрактныя творы.

Мастак у пастаянным творчым пошуку. Апошнім часам захапіўся беспрадметным мастацтвам. Абстрактным. На палотнах - разважанні аб іншых сусветах і вымярэннях. Так з'явіліся серыі работ "Тайна квазара", "Прадчуванні", "Абмежаваная прастора".

Чароўны свет мастацтва Мікалай Аўчыннікаў калісьці адкрыў і для сваёй жонкі Наталлі. Яна знайшла свой стыль у жывапісе, 25 гадоў адпрацавала мастаком-дызайнерам у будаўнічай кампаніі. Разам яны са школьнай парты. Вучыліся ў Гарадзецкай школе Рагачоўскага раёна. Сын таксама захоплены мастацтвам - кавальскім.  У наступным годзе Аўчыннікавы справяць залатое вяселле.

Зараз частку работ Міколы Аўчыннікава можна ўбачыць на выставе "Прыцягненне" ў Нацыянальным мастацкім музеі.