За Ілью Волкава аднакласнікі хварэлі ў Мінску

1 декабря 2013
Напярэдадні ля экранаў тэлевізараў сабраліся яго аднакласнікі і наш карэспандэнт Ніна Мажэйка.

У дзень, а дакладней вечар фіналу дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне-2013 гімназія-каледж імя Ахрэмчыка працавала ў пазапланавым рэжыме. Пахварэць за нашага дэлегата ў Кіеве - Ілью Волкава - сабраліся яго настаўнікі і аднакласнікі. Які ўжо тут выхадны, калі на коне прызнанне міжнароднага журы і шматмільённай еўрапейскай публікі.

Увесь дзень хлопцы і дзяўчаты пасылалі эсэмэскі на тэлефон аднакласніка, пісалі лісты на электронную пошту аж да самага вечара. І хоць трансляцыя пачалася толькі ў 9, першую кнопку ўключылі яшчэ днём, каб не прапусціць. Глядзець на Ілью ў прамым эфіры ў Мінску збіраўся і тата. Але ў апошні момант бацькоўскае сэрца ёкнула, як адчуваў, паехаў у Кіеў.

Калі ўбачылі Ілью на экране - стрымаць эмоцый не змаглі. Падпявалі проста падчас трансляцыі.

Разам з Ільёй спявалі і яго аднакласнікі. Беларускі хіт вывучылі напамяць ужо даўно. Нескладаная мелодыя, простыя словы - для будучых прафесійных музыкантаў матэрыял нескладаны. Хіба што звыклы акадэмічны жанр прыйшлося змяніць на эстрадны.

Дзеці не перапыняліся нават падчас рэкламных паўз. Рыхтавалі сюрпрыз для Ільі па прыездзе ў Мінск - малявалі плакаты са словамі падтрымкі.

12 балаў ад Расіі аўтаматычна перанеслі Ілью на трэцюю пазіцыю. Беларускі дэлегат стаў бронзавым прызёрам конкурсу. У Мінск хлопчык вернецца ў нядзелю ўвечар.