Яркія асобы Вялікага Княства Літоўскага прапанаваныя ў адной з зал Нясвіжскага замка

3 марта 2019

Вядомыя персоны і дзеячы, якія вяршылі гісторыю двух стагоддзяў, экспанаваныя ў адной з зал Нясвіжскага замка. Гэта воіны, героі і яркія асобы Вялікага Княства Літоўскага. Канцэптуальны і візуальны рад падрыхтавалі сучасныя мастакі - скульптар і графік. Алена Борматава - аб культурна-навуковым праекце.

На два месяцы Барбара Радзівіл пасялілася ў радавым палацы. Разам з мужам – каралём польскім і вялікім князем літоўскім Сігізмундам Аўгустам. Скульптуры – экспанаты выставы, прысвечанай гістарычнай спадчыне Беларусі. У кожнага бронзавага персанажа ёсць рэальны гістарычны прататып.


Аўтар скульптур - Сяргей Аганаў - сёлета стаў чалавекам года ў галіне культуры ў намінацыі “Манументальнае мастацтва”. Партрэты вялікіх князёў літоўскіх – творы мастака-графіка Ігара Гардзіёнка. Выкананыя ў старажытнай тэхніцы ляўкасу. Звычайна нашы продкі выкарыстоўвалі яе для стварэння абразоў. Тут жа ляўкас дэкарыраваны металічнымі фрагментамі, якія нагадваюць элементы рыцарскіх даспехаў.
Два стагоддзі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, пачынаючы з першага караля ВКЛ Міндоўга і абароны новай на той час дзяржавы ад нашэсця крыжакоў і заканчваючы перыядам Вітаўта і Ягайлы ў творчых вобразах адразу некалькіх мастацкіх кірункаў. Кожная работа – гэта сумесная праца мастака і гісторыкаў.
І скульптар, і графік атрымлівалі кансультацыі ад спецыялістаў вышэйшай навуковай арганізацыі Беларусі – Акадэміі навук. Інстытут гісторыі стаў тым цэнтрам, які разам з асабістым аўтарскім поглядам, паўплываў на канчатковы вобраз мастацкіх твораў. Дэталі кожнага экспаната - адзенне, зброя, даспехі - падмацаваныя дакументальнымі фактамі. Экспазіцыя - гэта сапраўдны навукова-культурны праект.
Сярод ляўкасна-скульптурных выяў вялікіх князёў літоўскіх – адзіны абраз – Маці Божай Вострабрамскай як сімвал рэлігійнай талерантнасці, бо ён аднолькава шануецца і праваслаўнымі, і католікамі. А паводле легенды, арыгінал іконы, якая захоўваецца ў Вільні, гэта партрэт Барбары Радзівіл.