У Палацы Рэспублікі прайшлі ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў Зямля нашай любові

1 июля 2013

Літаральна два дні застаецца да вялікага свята для ўсіх беларусаў - Дня Незалежнасці. Уся краіна рыхтуецца да гэтай падзеі. І сёння ў Палацы Рэспублікі прайшлі ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў Зямля нашай любові. У святочным мерапрыемстве прыняў удзел і Кіраўнік дзяржавы. Перад гледачамі выступалі зоркі беларускай эстрады, артысты тэатра оперы і балета, а таксама калектывы з Туркменістана, Кыргызстана, Нігерыі і Венесуэлы.


На канцэрце пабывала і наш карэспандэнт Ілона Красуцкая. Гэта, мабыць, адно з мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка дзяржавы, дзе няма пратаколу. Сход у Прэзідэнта Беларусі ўрачысты. У спісе ганаровых гасцей - дыпламаты, грамадскія дзеячы і, безумоўна, галоўныя героі свята - ветэраны. Тыя, без каго складана ўявіць гісторыю незалежнай Беларусі.


Для іх гэтае дзень апраўданага гонару і славы. Дзень памяці аб мінулым, радасці за сучаснасць і надзеі на будучыню. Гэта яны абаранілі краіну, а потым узнялі з руін. Усё дзеля таго, каб сёння гэтае свята было каму сустракаць.


На думку Аляксандра Лукашэнкі, сёння мы павінны навучыцца спраўляцца з новымі пагрозамі нашай незалежнасці і ўмець абараніць наш суверэнітэт у новым, такім зменлівым свеце.


Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ключавым рашэннем тут павінна стаць паскораная дыверсіфікацыя нашай энергетыкі, гандлю і эканомікі ў цэлым. Беларусі трэба адыходзіць ад залежнасці ад аднаго віду энергіі, аднаго рынку і аднаго пастаўшчыка.


Паводле слоў Прэзідэнта, узмацненне жорсткасці канкурэнцыі, нестабільнасць фінансавых рынкаў і абвастрэнне барацьбы за рэсурсы - вынік глабалізацыі. Ва ўмовах яе асаблівую актуальнасць набывае абарона інфармацыі. І як адзначыў Прэзідэнт, новы час дадаў новыя патрабаванні. Кожны чалавек павінен добра разумець: незалежнасць краіны - клопат кожнага з нас.


Крыху пазней у Палацы Рэспублікі адбыўся святочны канцэрт. Яркая ілюстрацыя таго, наколькі разнастайная культура нашай краіны, глыбокія нацыянальныя традыцыі. Традыцыі, якім, зараз ужо дакладна вядома, наканавана жыць многія стагоддзі.