У Вілейскім раённым цэнтры старажытныя рамёствы адраджаюць на новы лад

17 марта 2016

Традыцыі ў стылі мадэрн. У Вілейскім раённым цэнтры рамёстваў старажытныя кавальства, выцінанку і стварэнне нацыянальных беларускіх лялек адраджаюць на новы лад. Выразанымі з паперы славянскімі сімваламі дабрабыту аздабляюць сучасныя ліхтары і мэблю. А тэхніку вырабу нацыянальных беларускіх лялек развілі ў вытворчасць аўтарскіх цацачных фігурак з палімернай гліны. Як у Вілейцы спалучаюць аўтэнтыку і сучаснасць - даведаўся Ян Пашкевіч.

Яшчэ месяц таму Насця Лебедзева ведала толькі як расфарбоўваць дзіцячыя размалёўкі. Сёння ж дзяўчынка з дапамогай пэндзля фантазіруе над вобразам вырабленай сваімі рукамі глінянай лялькі. У Вілейскім раённым доме рамёстваў мастак-пачатковец адразу знайшла занятак да спадобы.

Героі фільмаў, народныя сюжэты і ўласная фантазія – настаўнік гуртка аўтарскай лялькі Анастасія Міхайлава натхненне для творчасці чэрпае літаральна паўсюль. Кожны новы персанаж калекцыі мастака – непаўторная асоба, лялькі нават маюць уласныя пашпарты. Вобразы аўтар увасабляе ў палімернай гліне.

Ганчарства, выраб паясоў, саломапляценне - мясцовыя майстры ахвотна захоўваюць народныя рамёствы, а рэчы ствараюць у сучаснай аўтарскай інтэрпрэтацыі. Напрыклад, каваль для вытворчасці адмысловых чайных столікаў і ліхтароў выкарыстоўвае металалом.

Славянскі сімвал жыцця – яйка – у кожнай майстэрні дома рамёстваў займае асаблівае месца. Раней беларусы размалёўвалі яйкі на шчасце. Аздаблялі іх звычайным воскам. У доме рамёстваў традыцыю захавалі і ахвотна працягваюць – сёння ў Вілейцы знаходзіцца першы ў Беларусі музей яйка.

Больш за паўтысячы экспанатаў выставы выраблена выключна мясцовымі майстрамі. У руках рамеснікаў яйка станавілася мастацкім палатном, глінянай скульптурай або нават дзіцячай лялькай.

У Вілейскім раённым доме рамёстваў развіваюць дзясятак напрамкаў народнай творчасці. І ў кожным з іх майстры імкнуцца знайсці баланс, каб аўтэнтыка ўдала спалучалася з сучаснасцю.