У Вілейцы адраджаюць вясельныя традыцыі мінулага

27 мая 2020
Ад строяў маладых і гасцей да конкурсаў і абраду дарэння - усе элементы цырымоніі як у першапачатковым выглядзе.  Асаблівая ўвага, напрыклад, вянку нявесты: багацце яркіх атласных стужак сведчыла аб заможным стане дзяўчыны. А кожны з падарункаў меў асаблівы сакральны сэнс.

Юлія Токар пабывала на каларытным вілейскім вяселлі. Са шчырымі пажаданнямі і абавязкова з пышным караваем сустракаюць маладых. Народнае вяселле мінулага стагоддзя – не проста ўрачыстая цырымонія, але абрад, у якім кожная дэталь мае пэўны сэнс. Кашуля жаніха і сукенка нявесты – з пэўнымі ўзорамі, што сімвалізуюць дабрабыт і доўгае жыццё. А калі ў вянок маладой заплеценыя стракатыя атласныя стужкі, багаты ўбор падкрэслівае, што дзяўчына шляхетнага паходжання. 

Алена Стрэж, метадыст студыі вілейскіх народных абрадаў і традыцый "Краявід": "Сядзіце вы, маладыя, у чырвоным куце - на самым пачэсным месцы. Над вамі абразы, сядзіце вы за вясельным сталом, на стале - усё сімвалічна. Чырвонае віно - гэта сімвал вашага кахання. Грамнічная свечка - гэта абярэг для вашай сям'і, каб усё благое адышло ад яе. Каравай - гэта сімвал багацця. А таксама на стале стаіць чыгунок. Для маладога чыгун паронак - каб не любіў чужых жонак, для маладой чыгун буракоў - каб не любіла чужых мужыкоў". 

Такія жарты - неад'емная частка народнай традыцыі. Лічылася, што на вяселлі маладыя - адно цэлае. Таму перад імі абавязкова клалі толькі адну лыжку і адзін відэлец. А яшчэ падчас свята варажылі, правяралі маладых на працавітасць. І напрыканцы адорвалі.  Каларытны абрад заахвочваў не толькі маладых, але і гасцей, для якіх дзяўчына загадзя ткала ручнікі. Але ж галоўны пасыл усіх абрадаў быў у тым, каб маладыя свой сямейны шлях прайшлі разам і былі шчаслівымі.