У Педуніверсітэце Максіма Танка пачаўся тыдзень Купалаўскага тэатра

24 февраля 2016

"Вечар", "Старамодная камедыя" і "Шабаны". У Педуніверсітэце Максіма Танка пачаўся тыдзень Купалаўскага тэатра. Дарэчы, у трупы ўпершыню такая працяглая гастрольная акцыя ў навучальнай установе. Для ўмацавання культурных сувязяў паміж ВНУ і тэатрам быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

Не гледачы ў тэатр, а тэатр да гледачоў. Педагагічная аўдыторыя сустрэла зорны склад Купалаўскага поўным аншлагам. Супрацоўніцтва тэатра і ўніверсітэта пачалося ў 2008 годзе. Традыцыйна купалаўцы пачынаюць тэатральны сезон за некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцця. Тэатр з легендарным спектаклем-музеем "Паўлінка" кожны год віншуе маладых спецыялістаў з Днём ведаў.

Пачынаць тыдзень вырашылі з пастаноўкі юбіляра. У маі спектакль "Вечар" адсвяткуе сваё дзесяцігоддзе. Над пастаноўкай у свой час працаваў сапраўды зорны склад. А зараз для студэнтаў і выкладчыкаў на пляцоўцы найлепшыя купалаўцы - Генадзь Аўсяннікаў, Генадзь Гарбук і Тамара Міронава.

На працягу чатырох дзён студэнты і выкладчыкі ўбачаць купалаўскія хіты. Падчас тыдня сумеснай культурнай акцыі моладзь Педагагічнага ўніверсітэта мае ўнікальную магчымасць пагутарыць з зорнымі гасцямі адразу пасля спектакля.

Нягледзячы на тое, што частку рэпертуару на некалькі дзён перавезлі у БДПУ, у асноўным будынку Купалаўскі працуе з той жа сілай. На галоўнай пляцоўцы на гэтым тыдні будзе беларуская класіка: "Людзі на балоце", "Пінская шляхта", "Пан Тадэвуш". А ў рэпетыцыйнай зале ідзе падрыхтоўка прэм'ер. "Дзве душы" ад Мікалая Пінігіна адбудуцца ў красавіку, а "Каханне як мілітарызм" у пастаноўцы рэжысёра-пачаткоўца гледачы ўбачаць у маі.