Нацыянальная бібліятэка Беларусі заявіла аб сенсацыйным набыцці

18 июля 2019

Калекцыя галоўнага кнігасховішча папоўнілася самым раннім з усіх, наяўных у нашай краіне, выданнем класіка нацыянальнай літаратуры  Адама Міцкевіча. Томік ад 1823 года Віленскай друкарні  ўжо назвалі жамчужынай  беларускай калекцыі.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Амаль кішэнная кніжачка. Паточаныя жуком вокладка і пераплёт, але даволі якаснага першароднага выгляду старонкі з дробным тэкстам па-польску. У асобніку - самыя першыя творы Міцкевіча, тых часоў, калі нават ён не здагадваўся пра будучую сваю знакамітасць - выпускнік Віленскага ўніверсітэта настаўнічаў у Коўне, пісаў вершы, пачынаў паэмы.

"Залаты фонд" - так пра зборнік гавораць не толькі беларускія знаўцы. Том - рэдкая каштоўнасць для калекцыі любой еўрапейскай краіны. Запатрабаваны пры жыцці паэта рарытэт атрымаў асаблівы прэстыж пасля Другой сусветнай вайны - тады пацярпелі шматлікія кнігазборы і асобнік Міцкевіча ад 1823 года стаў прадметам сапраўднага палявання на букіністычным рынку. Папярэдні гаспадар экзэмпляра, што зараз трапіў у Беларусь, - сям'я польскага мецэната і дыпламата Уладзіслава Пельца, які служыў спачатку ў Харбіне, потым - у Парыжы. На тытульным лісце кніжкі - размаляваны ад рукі анёльчык, работа жонкі ўладальніка, Хелены.

У гэтых твораў ёсць пераклады, але асаблівая каштоўнасць зборніка менавіта ў тым, што ён - арыгінал. Наш, нацыянальны па змесце.  У ім рамантыка і праўдзівасць беларускай самабытнай культуры і гісторыі.

Другі том ранняй паэзіі Міцкевіча  знойдзены. Цяпер спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў пошуках першага тома 1822 года выдання.  Беларусы адсочваюць інфармацыю букіністычных магазінаў, прыватных калекцыянераў – надзея ёсць!

Знайсці першы том - задача тут стратэгічная, бо пасля яго атрымання бібліятэчную калекцыю прыжыццёвых твораў Міцкевіча можна будзе назваць самай буйной і поўнай у краіне!