У Маладзечне стартаваў 17-ы фестываль беларускай песні і паэзіі

2 июня 2017

Прывітанне ўдзельнікам унікальнага нацыянальнага форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэта адзіны музычна-паэтычны фестываль у нашай краіне са статусам "нацыянальны". Усе творы выконваюцца выключна на мове. У Летнім амфітэатры ў гэтыя хвіліны праходзіць урачыстая цырымонія адкрыцця. На прамую сувязь выходзіць наш карэспандэнт Ніна Мажэйка.

У Маладзечне нейкая асабліва атмасфера. Больш за тое, традыцыйны фестывальны дождж дадаў рэалістычнасці. Зараз са сцэны Летняга амфітэатра афіцыйна абвясцілі аб адкрыцці 17-га Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Дарэчы, горад больш нагадвае такі маштабны оўпэн эйр, бо нават не два выхадныя, а цэлыя чатыры дні тут будуць праходзіць выставы, мастацкія пленэры, творчыя сустрэчы і паэтычныя гасцёўні. Тым больш сёлета беларускім класікам асаблівая ўвага. Да 135-й гадавіны з дня нараджэння нашых песняроў Купалы і Коласа падрыхтавалі асаблівую праграму. Так, упершыню падчас фестывалю ў Маладзечна прыехала трупа Купалаўскага тэатра. На сцэне Палаца культуры давалі легендарную "Паўлінку". Той самы спектакль, на які складана дастаць білет у Мінску, сёння быў асабліва запатрабаваным у Маладзечне.

Трэба адзначыць, што фестываль у Маладзечне мае асаблівы статус – нацыянальны. Усе творы выконваюцца на роднай мове. З самага пачатку (а гэта значыць з 1993 года) адной з галоўных падзей фестывалю застаецца конкурс маладых выканаўцаў, які праводзіцца ў тры туры. Два з іх праходзяць тут, у Маладзечне. Такім чынам сёння ў выканаўцаў адразу два выступленні, але на розных пляцоўках.

Выканаўцаў 21. Кожную вобласць прадстаўлялі па тры вакалісты. Згодна з палажэннем, узроставы інтэрвал канкурсантаў – ад 16-ці да 31-го года. Фінал па традыцыі праходзіў у Летнім амфітэатры ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Усе спяваюць, зразумела, без фанаграмы. Дарэчы, для таго каб паспяхова выступіць, з кожным заслужаны калектыў пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга правёў індывідуальныя рэпетыцыі.

Цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў конкурсу зараз праходзіць на сцэне. Усіх, хто сёння прыехаў у Маладзечна, чакае прэм’ера праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі "Купала і Колас. Вы нас гадавалі". А адразу пасля канцэрта-адкрыцця феерверк. Але гэта толькі пачатак. Фестывальныя падзеі будуць ісці аж да 4-га чэрвеня. І завершацца юбілейным канцэртам заслужанага калектыву Беларусі - ансамбля "Сябры".