У Мінску ў Доме Ваньковіча адбылася прэзентацыя кнігі пра Вайніловіча

13 декабря 2015

Чалавек, які пабудаваў у Мінску Чырвоны касцёл, нашчадак адразу некалькіх гучных прозвішчаў - Агінскіх і Ваньковічаў - Эдвард Вайніловіч. Шляхціч, мецэнат, гуманіст, якога сам Сталыпін, прэм'ер-міністрам імперыі, запрашаў на пасаду віцэ-прэм'ера сельскай гаспадаркі. Беларус адказаў адмовай... У Мінску ў Доме Ваньковіча адбылася прэзентацыя кнігі пра Вайніловіча. Алена Борматава пра лёс гэтага чалавека.

Кніга пра беларуса Вайніловіча была выдадзена яшчэ пяць гадоў таму, але на польскай мове. Прэзентацыя прайшла ў Мінску. Вялікай навуковай працы пра гэтага чалавека не існавала - архіўныя матэрыялы былі недаступны. Аўтар – польскі журналіст Гізэля Хмялеўская - зрабіла гіганцкую працу: увайшла ў кантакт з усімі яго сваякамі, нашчадкамі беларускай шляхты – Радзівіламі, Агінскімі, Манюшкамі, Ваньковічамі. Даследавала архівы Польшчы, Германіі, Англіі. Амаль усе фотаздымкі ў кнізе – сямейныя рэліквіі. Нідзе дагэтуль не публікаваліся. Зараз іх копіі – у беларускіх музеях.

Вайніловіч нарадзіўся ў Вялікай Сляпянцы – сёння раён вуліц Філімонава і Парніковай ў Мінску. Дом, набыты ў Радзівілаў дзедам Вайніловіча, таксама Эдвардам, захаваўся. Дарэчы, маёнтак бацькі будучага мецэната знаходзіўся ў Савічах – сучасны Капыльскі раён. На тым, каб малы нарадзіўся тут, настаяла бабуля.

Самы вядомы факт біяграфіі Эдварда Антонія Леанарда Вайніловіча (поўнае імя мецэната) вельмі трагічны. Ён страціў сваіх дзяцей – Сымона і Алену, у гонар якіх і пабудаваў у Мінску Чырвоны касцёл.

Апошнія гады жыцця Эдвард Вайніловіч пражыў ў польскім Быдгашчы. Там жа быў і пахаваны ў 1928 годзе. Але каля 10 гадоў таму прах Вайніловіча быў перапахаваны ў Чырвоным касцёле Мінска, фундатарам якога ён і з'яўляўся. Зараз ідзе працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча – г.з. далучэння яго да ліку святых. Дакументы знаходзяцца ў Ватыкане.

Дзеці Вайніловіча былі пахаваны ў Савічах, але сямейны некропаль быў знішчаны пасля рэвалюцыі. Некалькі гадоў таму выпадкова было знойдзена надмагілле Сымона. Яго перавезлі ў Чырвоны касцёл. Пліта з магілы Алены пакуль не знойдзена.