У Мінску пройдзе прэм'ера першага інклюзіўнага спектакля

30 мая 2016

Дзеці з асаблівасцямі развіцця - у звычайным калектыве. Папулярнасць набіраюць прынцыпы інклюзіўнай адукацыі. Сумесныя класы, гурткі і нават сямейны тэатр - хутка прэм'ера першага інклюзіўнага спектакля. Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з тымі, хто розніцы паміж дзецьмі не заўважае.

Трэнер па раннім плаванні Святлана Абыскалава і не ўтойвае: яе сын нарадзіўся вельмі слабым і хворым. На той час яшчэ студэнтка расійскага ўніверсітэта фізкультуры вырашыла: дыпломная работа якраз і будзе прысвечана аздараўляльнаму плаванню. Практычную частку навуковай працы рабіла ўжо ўдваіх з сынам. Вынікамі такога эксперыменту ганарыцца: сёння хлопчык цалкам здаровы і вядзе актыўны лад жыцця.

Сёння Святлана ахвотна дзеліцца вопытам і ведамі з іншымі бацькамі. Арганізавала курсы з уласнай аўтарскай методыкай. Разам са звычайнымі сем'ямі ў дзіцячы басейн прыходзяць і бацькі, якія сутыкнуліся з такімі праблемамі. Дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, затрымкай развіцця наведваюць звычайныя групы.

Кацярына Лагун сутыкнулася ў жыцці з іншым дыягназам. Аднак, аўтызм не стаў прыгаворам для яе сына Максіма. Прыгожы хлопец у касцюме зайца зараз актыўна рэпеціруе сваю ролю ў новым інклюзіўным спектаклі, а ў вольны час займаецца тым жа, чым і іншыя дзеці - гуляе са сваім гаджэтам.

Пастаноўка «Флейта-чарадзейка» - гэта першая спроба паставіць спектакль з удзелам дзяцей-аўтыстаў. Аўтар і пастаноўшчык Ірына Пушкарова ўпэўненая: усё атрымаецца. Бо насамрэч гэтыя дзеці вельмі таленавітыя і з лёгкасцю спраўляюцца са сваімі ролямі.

Прэм'ера спектакля адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу на сцэне Дзяржаўнай філармоніі. Арганізатары абяцаюць: будзе цікава паглядзець не толькі дзецям, але і дарослым.