У Мінску ідзе рэстаўрацыя Касцёла святых Сымона і Алены

30 января 2018

У Мінску ідзе рэстаўрацыя адной з самых вядомых славутасцяў Беларусі - Касцёла святых Сымона і Алены, больш вядомага як Чырвоны. І хоць фасад храма ў лясах, набажэнствы не адмяняюць, вернікі працягваюць наведваць святыню. Знешнія працы - гэта толькі першы этап рэстаўрацыі, які завершыцца ў жніўні. Як аднаўляюць помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, убачыла Іна Пілевіч.

Рэстаўрацыйныя працы Касцёла святых Сымона і Алены пачынаюцца з ачысткі фасада. Знадворку помнік архітэктуры неаднаразова афарбоўвалі. І па выніках ачысткі апынулася, што храм, больш вядомы як Чырвоны, будавалі з цэглы не толькі гэтага адцення. У палітры векавых сцен адразу 7 колераў - ад жоўтага да сіняга.

Чысцяць фасад пескаструйнай тэхналогіяй. З дапамогай спецыяльнай машыны на сцяну падаецца паветра з дробным пяском.

Гэты спосаб апынуўся найменш траўматычным для старажытных сцен. Замест разбуранай цэглы ў майстэрні адліваецца яе копія і па форме, і па колеры. І палохацца такога індывідуальнага падыходу да кожнай дэталі не варта. Па выніках рэстаўрацыі касцёл не будзе глядзецца рознакаляровым. У агульным малюнку святыня застанецца чырвонай.

Калі стагоддзе назад цэглу для Чырвонага касцёла везлі з Польшчы, то зараз вырабляюць у Беларусі. Праўда, матэрыял - нямецкі. На аднаўленні сакральнага будынка не эканомяць. Моманту ўстаноўкі ўжо чакаюць дубовыя вокны і дзверы. Таксама касцёл заззяе меддзю. З гэтага металу заказалі вадасцёкавыя трубы і дах.

Пасля рэстаўрацыі касцёл не будзе такім, якім яго пабудаваў мецэнат Вайніловіч у 1910. Справа ў тым, што за гады атэізму храм неаднаразова перапрафіліравалі і перабудоўвалі. Тут быў і тэатр, і Дом кіно. Рэстаўратары прыслухаліся да просьбаў духавенства і вернікаў. Прыбудовы савецкіх пор вырашана пакінуць - гэтыя плошчы неабходны суполцы.

Як гэта ні парадаксальна, святыня не належыць каталіцкаму прыходу. Храм арандуецца ў горада. Па заканчэнні рэстаўрацыі суполцы будзе прадстаўлены, можна сказаць, збор правіл эксплуатацыі культавага будынка, каб помнік служыў і вернікам, і турыстам.