У Гродне стартаваў фестываль, які не мае аналагаў у свеце

1 июня 2018

Менш чым паўгадзіны таму ў Гродне стартаваў фестываль, які не мае аналагаў у свеце. Адразу 35 дыяспар прыехалі ў горад над Нёманам, каб паказаць свае культуру і традыцыі. І яшчэ раз пацвердзіць: Беларусь мультынацыянальная. Галоўнай тэмай XII Фестывалю нацыянальных культур сталі народныя забавы. З самай раніцы ў Гродне працуе здымачная група АТН.

Чым запомніцца гэты фестывальны дзень, даведаемся ў Анастасіі Бенедзісюк. Гэты год для ўжо XII Фестывалю нацыянальных культур стаў шмат у чым з прыстаўкай "упершыню". Так, упершыню ў Гродне выберуць самую яркую і каларытную прэзентацыю нацыянальнай дыяспары. Барацьба разгорнецца на так званых падворках. Хто лепшы – даведаемся ўжо заўтра. Упершыню за 24 гады фестываль пашырыў межы - у нядзелю гулянні прадоўжацца на Аўгустоўскім канале. І менавіта таму (таксама ўпершыню) афіцыйнае адкрыццё і самае відовішчнае - шэсце ўсіх удзельнікаў свята - было вырашана перанесці на вечар пятніцы.

Гэты вячэрні праменад па фестывальным Гродне прадстаўнікі адразу 35-ці дыяспар пачалі менш чым гадзіну таму. Стартавалі традыцыйна ад нулявога кіламетра.

На чале шэсця дзяўчына ў нацыянальным касцюме як увасабленне прыгажосці і грацыі кветачкі-сяміпялёстачкі, яна ж сімвал адзінства ўсіх народаў. Затым 35 беларусак з караваямі. Чым не ўвасабленне гасціннай Беларусі?! Дарэчы, усе караваі выпякалі ў Гродне. Ужо пазней на цырымоніі адкрыцця кожная дэлегацыя атрымае па караваі, прыгатаваным менавіта для яе (адрозніваецца і рэцэпт, і дызайн) - пройдзе так званы рытуал гасціннасці.

Наогул Беларусь - краіна мультынацыянальная. Яна з'яўляецца домам адразу для 140 нацый. Што да ўдзельнікаў фестывалю, самымі масавымі (акрамя беларусаў) сталі дэлегацыі рускіх, палякаў, яўрэяў і ўкраінцаў. А вось менш за ўсё амерыканцаў, англічан, іспанцаў, арабаў і навічкоў фестывалю - мардвінаў і тамілаў.

Зрэшты, жыць фестывалем у Гродне пачалі задаўга да мерапрыемства. Гэта эксклюзіўныя кадры Агенцтва тэленавін. Снежань 2017 года. Тады здымачнай групе нашага тэлеканала ўдалося зняць транспарціроўку скульптуры Давыда Гарадзенскага. Гранітны манумент - тварэнне рук мінскага скульптара Сяргея Аганава. Увесь гэты час Давыд захоўваўся на тэрыторыі аднаго з праваслаўных храмаў Гродна. Адкрылі помнік сёння акурат да пачатку фестывалю.

Для Гродна асоба гэтая важная. Князь ВКЛ і палкаводзец не прайграў ніводнай бітвы. Пасля трох няўдалых спроб рыцары Тэўтонскага ордэна не рызыкавалі нападаць на Гродна 14 гадоў - да канца жыцця самога Давыда. Паводле легенды, гродзенскага старасту пахавалі ля сцен Каложскай царквы.

І шэсце, і Давыда ды і канцэртную пляцоўку зараз можна будзе ўбачыць "вачамі Гродна". Сёння на вуліцы Дарвіна афіцыйна адкрылі панарамную пляцоўку. На ўзвышшы акрамя бінокляў усталявалі так званую ратонду. Будынак нагадвае сімвал фестывалю. Дарэчы, уначы кветачка-сяміпялёстачка будзе свяціцца.

Усімі гранямі ўжо заўтра заззяе і галоўны прыз фестывалю. Яго яшчэ называюць Кубкам дружбы. Узнагароду рабілі на шклозаводзе "Нёман". Акрамя галоўнага прыза, бярозаўскія мастакі вырабілі 10 маленькіх. Дызайн усё той жа. Іх атрымаюць лепшыя ў самых розных намінацыях - "Вакал", "Харэаграфія", "Тэатральнае майстэрства".

У гэтыя хвіліны на Савецкай плошчы працягваецца цырымонія адкрыцця фестывалю. Роўна ў 23 гадзіны адбудзецца маляўнічы феерверк. Пасля тут жа сольны канцэрт з гучнай назвай "Разам быць" дасць ансамбль "Песняры".

Увогуле гэтай ноччу Гродна не засне. Наперадзе яшчэ кіно пад адкрытым небам і 3D-шоу.