У фестывальны Віцебск прыехаў Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота

17 июля 2020
Дзень Саюзнай дзяржавы сёння на "Славянскім базары ў Віцебску". Ён традыцыйны для форуму мастацтваў і закліканы канкрэтнымі праектамі прадэманстраваць адзінства брацкіх народаў Беларусі і Расіі. У фестывальны Віцебск прыехаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. У міжнародным прэс-цэнтры з яго ўдзелам адбылася канферэнцыя. Вечарам на сцэне Летняга амфітэатра Саюзная дзяржава  прапануе праект "Жывая музыка кіно" ў выкананні вядомых артыстаў і аркестра "Фанограф-Сімфа-Джаз".

Чым яшчэ напоўнены гэты дзень,  спытаемся ў нашага карэспандэнта  Вольгі Маслоўскай.

Дзень Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары" праходзіць з 2003 года. Парламентарыі ўдзельнічаюць у афіцыйных мерапрыемствах, а Парламенцкім сходам заснаваны два спецыяльныя прызы ўдзельнікам вакальных конкурсаў фестывалю. 

Сёння ён пачаўся з патрыятычнай ноты. Парламентарыі ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі. А напярэдадні  пабывалі ў пасёлку Балбасава - там пабудаваны важны лагістычны цэнтр, які будзе працаваць на эканоміку Саюзнай дзяржавы. 

Выстава народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной

Сёння ўсе дарогі вядуць у Віцебск. У будынку гарадской ратушы адкрылася выстава народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Жыццё ў святле рампы  на фота, ва ўзнагародах і віншаваннях калег.

Наперадзе жараб'ёўка ўдзельнікаў дзіцячага музычнага конкурсу

Тым часам у фестывальную сталіцу прыбылі тыя, у каго яркае творчае жыццё наперадзе. Праз дзве гадзіны ўдзельнікі дзіцячага музычнага конкурсу вызначацца, пад якімі нумарамі будуць выступаць перад журы.

Віцебск чакае начное шоу "Залаты хіт" 

На сцэне Летняга амфітэатра ў гэтыя хвіліны ідзе рэпетыцыя начнога шоу "Залаты хіт". Сярод запрошаных гасцей шмат вядомых і ўпадабаных артыстаў. Прапаную паслухаць іх уражанні ад сустрэчы з фестывалем. 

"Залаты хіт" пачнецца а палове на  другую  ночы. Акрамя дыскатэкі, арганізатары абяцаюць гледачам і незабыўны віцебскі світанак.

У Летнім амфітэатры прагучыць "Жывая музыка кіно"

А на дзесяць гадзін вечара запланаваны канцэрт. У Летнім амфітэатры прагучыць "Жывая музыка кіно" ў выкананні Дзмітрыя Пяўцова, Алёны Ланской, Яўгена Дзятлава, Сяргея Валчкова і іншых. Акампанаваць будзе вядомы калектыў пад кіраваннем Сяргея Жыліна "Фанограф-Сімфа-Джаз".