У Браславе святкуюць 10-годдзе каранацыі іконы Божай Маці "Уладычыца азёр"

18 августа 2019

У гэтыя выхадныя ў Браславе святкуюць 10-годдзе каранацыі іконы Божай Маці "Уладычыца азёр". Гэты абрад у каталіцкай царкве з'яўляецца прызнаннем цудатворнасці святыні. Гісторыя іконы містычная. Гэта адзіны абраз, што ўцалеў падчас страшнага пажару, які знішчыў манастыр на востраве Неспіш. Сімвалічна, што не так даўно археолагі раскапалі падмурак манастыра, які ўпершыню згадваецца ў крыніцах яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя. Таксама былі знойдзены рэшткі моста цераз возера. Якія таямніцы захоўвае манастырскі востраў? Што за час экспедыцыі знайшлі ў зямлі і ў глеі даследчыкі?

Пра тых, хто глыбока капае не толькі на сушы, але і пад вадой, рэпартаж Іны Пілевіч. Рыбай толькі любуюцца. Яны прыехалі на Браслаўскія азёры зусім па іншы - куды больш каштоўны ўлоў. Тут члены сталічнага дайвінг-цэнтра на добраахвотніцкіх пачатках шукаюць рэшткі моста. Ён злучаў вялікую зямлю з востравам у возеры Неспіш. Там сярод вады ўжо ў пачатку XVI стагоддзя дзейнічаў мужчынскі манастыр. Дзякуючы энтузіястам сцежкі, па якіх дабіраліся да манастыра, зараз ізноў знаходзяць свае абрысы.

Падчас даследаванняў у возеры Неспіш выяўлены 24 палі. Кожную з іх даследчыкі замяраюць, наносяць на карту і фатаграфуюць. Каб вызначыць узрост канструкцыі, адну з паляў трэба дастаць з глею і адправіць на дэндрахраналагічнае даследаванне ў Акадэмію навук. Для гэтага падводныя археолагі не капаюць, а размываюць. З падводнымі знаходкамі дайверы адпраўляюцца на сушу - да калег, якія капаюць углыб манастырскага вострава. Тым часам наземная група археолагаў адкрыла падмурак манастыра. Тое нямногае, што засталося ад святыні. У 1832 годзе ў драўляную пабудову ўдарыла маланка. Манастыр згарэў. Містыка, але падчас пажару цудам уцалела ікона "Уладычыца азёр", якой славіўся манастыр. Яе знайшлі на суседнім востраве. Вось ужо больш як сотні гадоў святыня захоўваецца ў Браслаўскім касцёле. Хаця новыя сцены яна здабыла не адразу.

Ватыкан прызнаў ікону цудатворнай. Як пацвярджэнне - 10 гадоў таму адбылася каранацыя святыні. Ходзяць легенды, што акрамя абраза маглі ўцалець і манастырскія званы. Нібы мясцовыя і сёння чуюць іх звон з-пад вады. Але пакуль гэта толькі міфы. Археолагам трапляюцца зусім іншыя артэфакты.

Самая масавая знаходка на манастырскім востраве - фрагменты керамікі. Дастакова артэфактаў і нумізматычнага характару. Так, самая старажытная манета вось гэтая - пенязь 1547 года чаканкі. Тут адлюстраваны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары.

Гэта першыя такія маштабныя раскопкі на манастырскім востраве. Дапамагчы даследаваць аб'ект узяліся каля сотні валанцёраў з розных куткоў краіны. Добраахвотнікі пасяліліся ў палатачным гарадку за 7 кіламетраў ад вострава ў вёсцы Слабодка. Да месца раскопак трэба дабірацца спачатку на аўтамабілі, а затым на лодцы. На тэрыторыі нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" забаронена паліць вогнішчы, акрамя спецыяльна адведзеных для гэтага месцаў, таму валанцёры гатуюць сабе абед і вячэру вось такім нетрадыцыйным спосабам - вараць юшку прама на лодцы. Каб зразумець, як быў уладкаваны манастырскі комплекс, вызначыць дакладную дату стварэння, археолагам трэба будзе глыбока капаць яшчэ не адзін сезон. Пакуль жа валанцёры збіраюць на даследаванні сродкі з дапамогай краўндфандынгавай платформы. У планах - агульнымі сіламі стварыць музей і адрадзіць манастыр, акружаны воднай роўняддзю.