У Беларусі ствараюць аб'ёмныя мадэлі знакамітых радзівілаўскіх гармат

9 июля 2018

Упершыню ў Беларусі адытыўныя тэхналогіі ўжываюць для захавання прадметаў гісторыка-культурнай спадчыны. Ствараюць аб'ёмныя мадэлі знакамітых радзівілаўскіх гармат. Унікальны выпадак, калі матрыца наяўных экспанатаў папаўняе фонды музея-запаведніка. А гэта першы крок для стварэння своеасаблівага 3Д-дэпазітарыя нацыянальных скарбаў.

Алена Борматава - пра сканіраванне музейных экспанатаў. 3Д-сканар у памяшканні радзівілаўскага арсенала. Менавіта тут у бытнасць саміх Радзівілаў захоўваліся гарматы, ядры і порах. Прыбор здымае ўсе геаметрычныя памеры адліваных музейных прадметаў. Прыглушанае святло - для атрымання якаснага скана. Сонечнае святло не павінна перабіць святленне самога сканара. Працэс сканіравання адсочваюць па маніторы.

Аб'ёмная гармата на маніторы ў двух колерах. Зялёны - там, дзе сканар знаходзіцца ў дадзены момант, сіні - адсканіраваная плошча. Атрыманую мадэль можна будзе павялічваць, памяншаць у памерах. Матрыца можа быць скарыстаная для стварэння дакладнай копіі экспаната. Напрыклад, каб выставіць яго за дзясяткі тысяч кіламетраў. Таксама можна будзе выкарыстаць для стварэння эксклюзіўнай сувенірнай прадукцыі.

На жаль, большасць гармат, адлітых у Нясвіжскай людвісарні, сёння раскіданыя па свеце. Адна захоўваецца ў Швецыі, 5 узораў - у Польшчы. А "Цэрбер" і "Вінаград" - у адным з музеяў Санкт-Пецярбурга. У Нясвіжы - іх дакладныя копіі. Зараз фонды музея папоўняцца яшчэ і сканамі. Гэта першы ў нашай краіне вопыт сканіравання прадметаў гісторыка-культурнай спадчыны. Прычым, прыватная ініцыятыва. Хоць вопыт захавання культурных каштоўнасцяў такім чынам ужо даўно распаўсюджаны ў Еўропе.

Яшчэ пры Сіротку ва ўнутраным двары замка была створана ліцейня майстэрня, дзе адлівалі гарматы з гербам шляхетнага роду Радзівілаў. Некаторыя ўзоры былі не проста зброяй, а сапраўдным творам мастацтва, якія не ўдзельнічалі ў батальных бітвах, а служылі ўпрыгожваннем двара. Ядры з іх выпускалі ў найрэдкіх выпадках, напрыклад, пры сустрэчы высокіх гасцей.

"Вінаград" і "Цэрбер" як раз і былі такімі параднымі прыладамі. Яны былі адлітыя ў перыяд з 1599 па 1604 гады саксонскім майстрам, запрошаным у Нясвіж Мікалаем Хрыстафорам Сіроткам. На кожнай прыладзе - геральдыка сям'і Радзівілаў.

Частка ўзбраення была выяўлена падчас рэстаўрацый. Так у экспазіцыі арсенала захоўваецца арыгінальная чыгунная гармата, адлітая ў Нясвіжы, і якая ўдзельнічала ў ваенных дзеяннях пры абароне замка ад непрыяцеля. Знойдзена ў палацавых равах.