Цырымонію адкрыцця "Славянскага базару" "Беларусь 1" пакажа ў 22:00

14 июля 2016

Артысты з 44-х краін з'язджаюцца ў Віцебск на "Славянскі базар". Цырымонія адкрыцця форуму адбудзецца сёння ўвечары на сцэне Летняга амфітэатра. Ужо зараз на 15-ці пляцоўках горада разгарнулася святочная праграма - кірмашы, выставы і спектаклі.

Як фестывальная сталіца сустракае зорных гасцей, раскажа Іна Пілевіч. Доліна дабіраецца на аўтамабілі, Рыбак - на самалёце, а Пугачова - у цягніку. Транспартная служба "Славянскага базару" працуе кругласутачна, каб своечасова дастаўляць зорак эстрады ў Віцебск. Сёлета Міжнародны фестываль мастацтваў прымае рэкордную ў сваёй гісторыі колькасць удзельнікаў - 5,5 тысячы.

Так, у 5 гадзін раніцы валанцёры сустракалі зорны склад з Масквы. У большасці гэта ўдзельнікі цырымоніі адкрыцця фестывалю, якая адбудзецца ўвечары. На досвітку цягніком у горад на Заходняй Дзвіне прыбылі Лія Ахеджакава, Руслан Аляхно, Глеб Мацвяйчук, Дзмітрый Губерніеў.

А менш чым праз гадзіну на віцебской плошчы лаўрэатаў стане на адну зорку больш. Каля Летняга амфітэатра будзе названы ўладальнік спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і паразумення". У розныя сезоны такога высокага знака і імяннога васілька на Алеі зорак удастоіліся Эдзіта П'еха, Надзея Бабкіна, Сафія Ратару, Леў Лешчанка.

У фестывальную сталіцу прыбылі і ўдзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў. Гэтым вечарам яны ўпершыню ўзнімуцца на сцэну Летняга амфітэатра. За Гран-пры і 20 тысяч долараў змагаюцца дэлегаты 21-й краіны. Дарэчы, упершыню ў вакальнай алімпіядзе бярэ ўдзел прадстаўнік Калумбіі.