Цэнтр Хаіма Суціна і “Ігуменскі тракт” - патэнцыял адукацыйнага турызму абмеркавалі ў Чэрвеньскім раёне

13 июля 2022

Напоўніць навучальны працэс краязнаўчым кантэнтам і даць школьнікам і студэнтам магчымасць лепш пазнаць гісторыю малой радзімы - такія задачы ставіць перад сабой адукацыйны турызм. Напярэдадні на базе ўстаноў Чэрвеньскага раёна прайшоў рэспубліканскі семінар па абагульненні вопыту і эфектыўнасці працы дадзенага напрамку. Спецыялістам з усёй краіны ў рэгіёне прадэманстравалі актуальныя распрацоўкі. Турыстычны патэнцыял у фокусе Наталлі Бардзілоўскай.

Смілавіцкі музей Станіслава Манюшкі і палацава-паркавы комплекс Манюшкаў-Ваньковічаў. Гістарычная забудова ў цэнтры Чэрвеня і мясцовы краязнаўчы музей. Святая Горка з легендарным каменем-следавіком і школьны музей гісторыі мануфактуры Беларусі. Усе гэтыя лакацыі і ўстановы - гонар края і асноўныя пункты раённага турыстычнага маршруту, які называецца "Ігуменскі тракт". Ігумен - старадаўняя назва сучаснага Чэрвеня. А накірунак гістарычна быў паштовым шляхам. Між іншым, 200-гадовай даўніны. Тутэйшыя гісторыкі сцвярджаюць: жывапісныя месцы Чэрвеньскага рэгіёна яшчэ памятаюць грук колаў паштовых карэт. 

У Чэрвені даўно працуюць над тым, каб напоўніць турыстычны "ігуменскі" маршрут адукацыйным краязнаўчым складнікам. Каб зацікавіць і дзятву, і дарослых ведамі пра рэгіён і стымуляваць папулярызацыю чэрвеньскіх таямніц далёка за межамі. Назапашаны мясцовы вопыт - у выставах і кніжных выданнях, у інтэрактывах. Увесь гэты аб'ём напрацовак чэрвеньскія спецыялісты прэзентавалі дэлегацыі калег з усёй Беларусі. У раёне сабраліся ўдзельнікі Рэспубліканскага семінара па адукацынйым турызме. А распачаўся ён з самай знакамітай і сучаснай творчай лакацыі Чэрвеньскага раёна - Смілавіцкага цэнтра імя Хаіма Суціна. 

Пачынаецца экскурсійны маршрут па цэнтры Хаіма Суціна вось з гэтых дзьвярэй. Гэта дакладная копія ўваходу ў парыжскую кватэру Амедэа Мадзільяні. Калісьці сябры Суціна прапанавалі знакамітаму італьянцу стаць прадзсюарам Суціна, але той доўга не згаджаўся. Тады смелыя мастакі напісалі партрэт Суціна проста на дзвярах Мадзільяні. Вось гэта - дакладная копія таго твора мастацтва.

Аўтары работы - юныя выхаванцы суцінскага арт-цэнтра. Толькі пераступіш парог - ад іх жа новы сюрпрыз.

Калі б удзельнікам семінара прапанавалі праграму толькі ў цэнтры суціна, гэтага б ужо было дастаткова. Ва ўстанове свой непаўторны падыход да адукацыйнага турызму - тут ўсё па-творчаму імправізацыйна, атмасферна, у настроі той эпохі, у якой жыў і пісаў легендарны ўраджэнец Смілавічаў, мастак Парыжскай школы Хаім Суцін і яго малодшы калега Шрага Царфін.

Імпрэза ў зале Царфіна, дзе знаходзяцца аўтэнычныя экспанаты: узоры тканін з эскізаў самога майстра і арыгіналы яго карцін як частка культурна-адукацыйнай сустрэчы. Удзельнікі семінара прайшліся па творчых майстэрнях арт-цэнтра, пазнаёміліся з новымі выставамі юных талентаў. 

Чэрвеньскі "Ігуменскі тракт": ад пачатку 19 стагоддзя да прарыву ў космас. Храналагічна экскурсійнае падарожжа прыводзіць у раённы краязнаўчы музей, да раздзела, у якім пра знакамітага ураджэнца края Алега Навіцкага. Яго чэрвеньскі адрас таксама ўплёўся ў адукацыйны турыстычны маршрут.