Дакладную копію 400-гадовага "Буквара" сёння прэзентавалі кіраўнікам дыппрадстаўніцтваў у Беларусі

6 сентября 2018

Факсімільнае ўзнаўленне першага ў свеце падручніка з такой назвай выпусціла Нацыянальная бібліятэка пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў. Кішэнная кніга на 52-х лістах у дакладнасці паўтарае старажытны арыгінал, які ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове ўпершыню надрукавалі нашы землякі. У "Буквары" размешчаны алфавіт, прыклады складоў з 2-х і 3-х літар, знакі пунктуацыі, лічбы, асновы граматыкі і тэксты для чытання. У свеце захаваліся ўсяго два арыгіналы - у Даніі і Вялікабрытаніі. Менавіта Лондан і даў матэрыялы для стварэння факсімільнага "Буквара".

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: "Ёсць і даручэнне Кіраўніка дзяржавы наконт гэтага адносна таго, каб мы вярталі на Радзіму тыя культурныя каштоўнасці, якія ў свой час былі намі згубленыя або вывезеныя за мяжу. Мы зараз вельмі актыўна працу гэтую вядзем, у тым ліку і з беларусамі замежжа".

Новае выданне - гэта трохтомнік. Факсіміле "Буквара" - яго пераклад на беларускую, рускую і англійскую мовы, а таксама навуковыя даследаванні, звязаныя з падручнікам. У свет выйшлі 2 тыражы. 900 экзэмпляраў у звычайным выкананні накіруюць у бібліятэкі і навучальныя ўстановы нашай краіны. 100 экзэмпляраў (у ВІП-афармленні) распаўсюдзяць у цэнтры дыпмісій. За праробленую працу па захаванні культурнай спадчыны Нацыянальная бібліятэка ўзнагароджаная дыпломам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.