Святлана Каткова паказала гледачам новую серыю сваіх работ

29 августа 2017

Яе ўключаюць у залатую дзясятку беларускага выяўленчага мастацтва і называюць самай яркай прадаўжальніцай творчай дынастыі.

Святлана Каткова - жывапісец, графік, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - паказала гледачам новую серыю сваіх работ. На вернісажы пабывала Наталля Бардзілоўская.

Вучаніца Стэльмашонка, Кішчанкі, Малішэўскага, але галоўным і самым любімым яе настаўнікам быў, вядома, бацька. Педагог-патрыярх, знакавая фігура ў беларускім выяўленчым мастацтве, Сяргей Каткоў яшчэ і заснавальнік творчай дынастыі. Пішуць дачка, сын і ўнучка. Кожны – непаўторны як мастак, але памятае галоўны бацькоўскі наказ: глядзець на свет шырока адкрытымі вачыма і ва ўсім бачыць прыгажосць.

Дачцэ Святлане Сяргей Каткоў падарыў дом з вялікім садам, а з ім – вобразы і натхненне. Мастачка – кветкавод і кветкапісец: у жывапісе, графіцы, у акварэлі яна пазнаецца пышнымі букетамі і вытанчанымі бутонамі. Гэта не проста нацюрморт («мёртвая натура») – у Катковай усё жывое, рухомае ў прасторы, у сонечным святле, у яркіх эмоцыях.

Яна не памятае, якая па ліку выстава, але гэтую назвала «Спатканне».

Запрасіла на сустрэчу з шасцюдзесяцю работамі: большасць – алей, ёсць габелены і акварэль. Адзінкавыя з палотнаў знаёмыя гледачу, астатнія – новыя. Разам з выставай - прэзентацыя кнігі. Пра Катковых пішуць і выдаюць нямала. Гэта - праект калегі і сябра Уладзіміра Сцепаненкі.

Больш як сто старонак змясцілі рэпрадукцыі і жыццяпіс.

У дзясятцы лепшых акварэлістаў СССР. І ў мастацтве – амаль паўвека. Яе работы – у Траццякоўцы, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у прыватных калекцыях па ўсім свеце. Не толькі лірык – манументаліст. Каткова – аўтар роспісу сталічных кінатэатра «Вільнюс», Палаца культуры чыгуначнікаў. Пад Жлобінам у вёсцы Чырвоны Бераг – мемарыял, за які мастачка была адзначана Дзяржаўнай прэміяй. Каткова - у складзе творчай групы, суаўтар комплекса «Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны». Прысвячэнне малым, якіх фашысты забіралі ў бацькоў для забора крыві і адпраўлялі ў Германію.

Жнівень для Катковай – гарачы літаральна. Самы час стаяць ля мальберта. Кветкі, плады – для палотнаў жа скрозь багацце.