Скарбніцай тканых самацветаў і тэхнік прабабуль - Крупіцкі цэнтр культуры святкуе ізумрудны юбілей

30 марта 2023

Крупіца - фальклорная сталіца. Сёлета каларытны цэнтр культуры і эстэтыкі прысталічча святкуе ізумрудны юбілей - 55 гадоў існавання ў тандэме з творчасцю. Установа складаецца з 15 самабытных калектываў. З іх 10 маюць статус народных і заслужаных. Сэрца не толькі аграгарадка Крупіцы Мінскай вобласці - заслужаны аматарскі калектыў Беларусі "Крупіцкія музыкі".

Ля вытокаў фальклорнага ансамбля стаяў заслужаны работнік культуры Уладзімір Гром. Сёння цэнтр носіць яго імя. А праслаўляюць палац і новыя імёны. Александра Гойтан адкрыла таямніцы "Чароўнага куфэрка".

Самаробныя дываны быццам сцяжынкі ў свет ткацтва вядуць у майстэрню новых вучняў. Студыя з каларытнай атмасферай сялянскай хаты аздоблена з густам па аўтарскім дызайне Ірыны Дзернакоўскай. Шафа з люстэркам, этажэрка з вясковым багаццем, драўляны прас і сурвэткі з пастаральнымі матывамі перасяліліся сюды ў тым ліку з уласнай хаты Ірыны.

Сем гадоў таму былы пакой кінапраекцыйнай стаў душой Крупіцкага цэнтра культуры. І сапраўднай скарбніцай тканых самацветаў і тэхнік прабабуль. У студыі "Чароўны куфэрак" па-сямейнаму ўтульна - спачатку дзеці вучацца плесці вітыя стужкі і касічкі, пасля - паясы.

Стартавай пяцёркай аднакласнікі з 4 "А" Крупіцкай сярэдняй школы гаманліва збіраюцца на творчыя заняткі. Разам вучацца, займаюцца спортам і спасцігаюць ткацкае рамяство. Размеранае хобі прываблівае ўсё больш хлопцаў. Кажуць, ткацтва распрацоўвае дробную маторыку. З няўрымслівымі хлопчыкамі і адна дзяўчынка - Васіліса Яхнавец. 

Кожная падзея ў жыцці нашых продкаў была адзначана новым поясам з пэўным узорам і колерам. Напрыклад, пасля заручын і да вяселля дзяўчына павінна была выткаць сотню паясоў. Так яна літаральна прывязвалася да новых сваякоў і быту ў незнаёмай пакуль хаце.

Ірына Дзернакоўская і яе "Чароўны куфэрак" адкрываюць свет народнай творчасці для дзяцей і падлеткаў адразу з некалькіх раёнаў  - Мінскага і Уздзенскага. Карпатлівая праца майстра і вучняў цягнецца на сотні метраў нітак. Напрыклад, у калекцыі ёсць асаблівы пояс, каб выткаць яго, спатрэбіўся кіламетр лёну.

За асабісты ўклад у захаванне традыцый ткацтва і прафесіяналізм Ірына Дзернакоўская ўдастоена ганаровага звання народны майстар Беларусі. У творчых планах на гэты год  - "настройка" на працоўнае гучанне дванаццацінітовага станка.

А таксама  выраб паясоў для выстаў і праектаў абласнога і рэспубліканскага фармату.