"Славянскі базар у Віцебску" падвёў фестывальную рысу

20 июля 2020
Учора ўвечар у Летнім амфітэатры ўрачыста закрыўся XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў. За ўсю сваю гісторыю гэты самы згуртаваны: прыехалі сапраўды лепшыя сябры. А сам форум назвалі фестывальным афшорам. Беларусь сапраўды заўсёды ўмела прымаць гасцей, а іх сёлета было нямала. Цырымонію закрыцця зрабілі шматпрофільнай: правялі конкурс маладых выканаўцаў і зладзілі гала-канцэрт з узнагароджаннем. Зоркі эстрады з Беларусі, Расіі і Украіны сышліся ў Віцебску. Падрабязнасці ў Ніны Мажэйкі


У Віцебску завяршыўся "Славянскі базар"

Дайшлі да фінальнага пялёстка. Віцебск з прыгожай лічбай у пашпарце 29 ізноў сабраў аншлагі. Але гэтым разам не толькі на канцэртных пляцоўках - увесь горад глабальна стаў фестывалем. У рамках канцэпцыі оўпэн-эйр. Сышлося тут адразу ўсё: месца, людзі і нават час - базар злёгку ссунуўся па графіку, не закрануўшы традыцыйнымі дажджамі публіку. 

Праграму фэста скарацілі, але насыцілі. Арт-канцэнтрат падавалі раніцай, днём, увечар і нават уначы - ад гэтага смак толькі ўзмацніўся. 

Акрэдытацыю на форум атрымалі тры сотні журналістаў

Віцебск не спаў чацвёра сутак, падсвятленне выключалі толькі нацямку. Але па-сапраўднаму асвятлялі базар тыя самыя тры сотні журналістаў з розных краін, якія традыцыйна працуюць на форуме. І хоць хайпуюць усе, спекуляваць галоўным не сталі. Нягледзячы на эпідэмічныя ўмовы радыя быць у Віцебску і спаборнічаць за эксклюзіў. 

Летні амфітэатр - гэта не толькі тое месца, дзе даюць канцэрты, але і месца для шчырых размоў. Таму, па сутнасці, саўндчэк - гэта яшчэ і ідэальная магчымасць дакрануцца да зоркі і запісаць інтэрв'ю. 

Ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця прынялі ўдзел папулярныя артысты

Лаліта хоць і памылілася ў прамым эфіры (назвала фестываль 19-м), усё ж не прымяншае значнасць гэтай сцэны. На саўндчэку перад цырымоніяй закрыцця спявачка дала зразумець: усё, што адбываецца на гэтай сцэне, - жыўцом. 

З асаблівым трапятаннем да гледача выходзіла і першая ўладальніца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў Таісія Павалій. У 93-м гэтая сцэна вывела яе на новы ўзровень. Народная ва ўсіх сэнсах артыстка не магла не сказаць асаблівыя словы асаблівай публіцы. 

Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў "Віцебск-2020" атрымаў беларус

А вось маладым выканаўцам не далі нават пахвалявацца - усё вырашылася ў адзін дзень. Гран-пры конкурсу атрымаў наш зямляк - кампазітар і аранжыроўшчык, аўтар слоў Раман Валазнёў. У свае 23 вопытны музыкант з тэлевізійнымі праектамі за плячамі. Але вось важкую кветку валошкі ў руках трымае ўпершыню. 

Фестываль кожны год адкрывае новых зорак. Святочныя залпы з гэтай нагоды. Можа, таму з Віцебскам немагчыма развітацца. Можна толькі сказаць "да спаткання".