Сёння стануць вядомыя фіналісты нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020"

27 января 2020
Апоўдні стартуе праслухоўванне кандыдатаў. Яно пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі - у суседняй з гэтай студыі "600 метраў". 

Хто прэтэндуе на музычную пуцёўку на конкурс, раскажа наш культурны аглядальнік Іна Пілевіч.

Сёння на праслухоўванні ў Белтэлерадыёкампаніі чакаюць 49 прэтэндэнтаў

Тыя, хто ўважліва сочыць за конкурсам, добра знаёмыя з большасцю кандыдатаў. Як жартуюць самі канкурсанты ў сацыяльных сетках, прыйдуць усе свае. Многія штурмавалі нацыянальны адбор не аднойчы.
Так, для "Аўры" гэтая спроба 12-я, для Жанет 8-я, а для NAPOLI - 7-я. Аляксей Грос падаў 6-ю заяўку. А Віталь Варанко і Ален Хіт спрабуюць свае сілы ў нацыянальным адборы на конкурс пяты раз. 
Сярод удзельнікаў ёсць нават тыя, хто ўжо стаяў на сцэне "Еўрабачання" ў папярэднія сезоныДвое ў якасці бэк-вакалістаў і адзін у якасці саліста. 
У спісе кандыдатаў нямала і новых імёнаў для беларускай эстрады. Большасць удзельнікаў з Мінска. 
Таксама на праслухоўванне прыедуць выканаўцы з Гродна, Магілёва, Віцебска, Баранавіч, Пінска і Маладзечна. Апроч гэтага, чакаем спевакоў з Расіі, Кіпра і Украіны. Гэтыя вакалісты маюць пасведчанне на жыхарства ў Беларусі. 
Яны праспяваюць кампазіцыі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Апошняя, дарэчы, у большасці - адразу 40 кампазіцый. 

Праслухоўванне пачнецца апоўдні ў Белтэлерадыёкампаніі

Сёння песні будуць выкананыя ўжывую перад фокус-групай. Яе склад пакуль трымаецца ў сакрэце. Імёны суддзяў стануць вядомыя толькі апоўдні, калі пачнецца праслухоўванне. 
Сачыць за адборам можна ў рэжыме рэальнага часу. Традыцыйна сайт tvr.by будзе весці прамую трансляцыю. Па выніках праслухоўвання журы вызначыць не больш за 12 кампазіцый. Хоць гэтая лічба можа змяняцца па жаданні арганізатараў. Далей фіналісты працягнуць барацьбу ва ўмовах тэлевізійнага гала-канцэрта. 

Юбілейнае, 65-е "Еўрабачанне" ў маі прымае Ратэрдам 


Паводле палажэння конкурсу, ён пройдзе не пазней за 6 сакавіка. Яго прамую трансляцыю будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Пераможца нацыянальнага адбору сумесна выберуць журы і гледачы. Нагадаем, на коне - пуцёўка на конкурс у Нідэрланды. Юбілейнае, 65-е "Еўрабачанне" ў маі прымае Ратэрдам.