Сёння праваслаўная Беларусь адзначае 500-годдзе кананізацыі святога Елісея Лаўрышэўскага

5 ноября 2014

Елісей Лаўрышэўскі - заснавальнік і першы настаяцель аднаго з самых старажытных праваслаўных манастыроў нашай краіны. Тысячы паломнікаў сёння накіраваліся ў вёску Гнесічы Навагрудскага раёна, паблізу якой і знаходзіцца гэты мужчынскі манастыр.


Алена Борматава пра юбілейную дату. Мост аддзяляе манастыр ад вялікай зямлі. Цэнтр праваслаўя з трох бакоў абмываецца Нёманам. Адзін з самых старажытных манастыроў Беларусі заснаваны на пачатку ХІІІ стагоддзя. Намоленая стагоддзямі мясціна сёння прымала тысячы вернікаў з усёй Беларусі.


Барыс Луцэнка, народны артыст Беларусі: Мару арганізаваць тэатр пад купаламі. Я сёння прачнуўся ў 5 гадзін раніцы і пайшоў гуляць. І такое адчуванне, што нада мною вялізны купал з зорак. Я стаў маліцца Богу і мне падалося, што ён дае мне сілы.


Амаль з моманту заснавання праваслаўнага цэнтра яго называлі лаўрай. І не толькі з-за вялікай колькасці насельнікаў. У тыя часы лаўрамі называлі ўсе каменныя вялікія манастыры.


Заснавальнік манастыра - Елісей. Дарэчы, паводле адной з навуковых версій, ён жа Войшалк - кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага. Імя Елісей атрымаў пасля прыняцця праваслаўнай веры. Быў забіты адным са сваіх хворых паломнікаў у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Адразу пасля трагедыі забойца дакрануўся да цела забітага ім настаяцеля, і хвароба адышла.


Елісей - адзін з першых беларускіх святых. Яго кананізавалі на Саборы ў Вільна роўна 500 гадоў таму. І ён, бадай, адзіны, мошчам якога мы не можам пакланіцца.


Дакрануцца можна толькі да помніка святому, ён знаходзіцца на тэрыторыі праваслаўнага цэнтра.


Людзі ехалі па адным, сем'ямі і нават царкоўнымі прыходамі. На святочнае богаслужэнне храм не змог умясціць і дзясятай часткі. Але алтарныя мікрафоны дазволілі кожнаму, хто прыйшоў на манастырскую тэрыторыю, пачуць святочную літургію і духоўныя пропаведзі. Пад адкрытым небам ля храма ўсталявалі і мабільныя спавядальні. Тут жа праводзілі і іншыя царкоўныя таемствы.


Дзякуючы Елісею манастыр у Лаўрышаве стаў асновай хрысціянскай веры і цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Аднаўленне старажытнага прыстанку пачалося ў двухтысячных. Зараз на уваходзе капліца. Такіх па перыметры будзе 33 і ў кожнай - зямля са святых праваслаўных мясцін свету.