Рубрыка "Праменад"

25 октября 2019
Дзень оперы сёння ўпершыню адзначаюць ва ўсім свеце. Свята ініцыявана Міжнароднай асацыяцыяй музычных тэатраў, у якую ўваходзяць больш за дзве сотні оперных дамоў. Вялікі тэатр Беларусі адзначыць гэтую падзею канцэртам зорак сусветнай опернай сцэны - Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Айвазава. А заўтра ў рэпертуары  "Тоска". Тым часам Нацыянальны мастацкі музей запрашае на міжнародны выставачны праект да дня нараджэння мастачкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ.  Як разнастаіць свае выхадныя  - падкажа рубрыка "Праменад".

Міжнародны выставачны праект, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння мастачкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ адкрыўся ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Тут экспануецца каля 50 твораў з французскіх прыватных калекцый, у тым ліку і нашчадкаў вядомай мастачкі.

Дзясяткі арыгінальных работ даставілі ў Мінск самалётам. Сярод іх і партрэты міністра культуры СССР Фурцавай, касманаўта Цітова і мастака Шагала. А музей  паказаў перапіску Хадасевіч-Лежэ з дырэктарам установы Аленай Аладавай. 

Сюжэты з міфалогіі і фальклор, вобразы гістарычных асоб, карціны беларускай прыроды і  партрэты магнатаў Вялікага Княства Літоўскага  - усё гэта зроблена ў тэхніцы выцінанкі. Вольга Палуніца знайшла творчы кампраміс паміж культурнай спадчынай і сучаснасцю.

Выставу, у якой больш за 80 работ народнага майстра з Маладзечна, можна ўбачыць ў арт-гасцёўні "Высокае месца". Асобна ў экспазіцыю ўвайшлі наборы паштовак для чытання з дзецьмі і тэкстыльныя экавырабы мастачкі.

Вялікі тэатр Беларусі запрашае на оперу "Тоска". Гісторыю палкага кахання опернай дзівы Тоскі і мастака Каварадосі ажыццявіў на сцэне беларускага Вялікага італьянскі дырыжор-пастаноўшчык Джанлука Марчыяна. Рымскі сюжэт на неўміручую музыку Джакама Пучыні ўпрыгожвае амаль усе афішы сусветных оперных тэатраў. Наш спектакль сярод іх займае  годнае месца.

У Вялікім тэатры гэта будзе ўжо другая пастаноўка оперы "Тоска". На сцэне разгорнецца рымская гісторыя пачатку XIX  стагоддзя. Дакладныя даты і падзеі, канкрэтныя тапонімы і імёны – усё, як задумалі аўтары. 

А ў нядзелю  на сцэне Вялікага   балет "Бахчысарайскі фантан". 

Прыемных і нясумных выхадных!