Рубрыка "Праменад"

30 августа 2019
Вялікая экспазіцыя ў разнастайных жанрах ад мастакоў- «вераснёўцаў», а таксама выстава "Візуалізацыя гукаў"  у Палацы мастацтваў. А Купалаўскі тэатр рыхтуецца да  сотага сезона. Пра адметнасці і сюрпрызы для прыхільнікаў Мельпамены  Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Купалаўскі рыхтуецца да адкрыцця сотага  тэатральнага сезона, які пройдзе пад дэвізам "Асоба". Асоба, якая мае дачыненне да тэатральнай пастаноўкі. А гэта і рэжысёры, і акцёры, і работнікі сцэны, і  асоба гледача. Прэм'еры новага сезона пройдуць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў Кіеве, Варшаве, Парыжы і Вене.

Юбілейны сезон распачнецца 3 верасня легендарнай "Паўлінкай", якая ідзе на галоўнай сцэне краіны амаль 80 гадоў. У пастановачных планах на соты сезон  спектакль "Кароль Лір", прэм’ера чакаецца  сёлета ў снежні, а ў студзені наступнага  года афішу Купалаўскага папоўніць пластычны спектакль "Мой Шагал" у пастаноўцы расійскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага. Напэўна, самая чаканая прэм’ера новага сезона - адноўленая пастаноўка Мікалая Пінігіна "Тутэйшыя". 

Генеральным партнёрам  сотага сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступіць А1. Кампанія заўжды надавала вялікую ўвагу праектам, звязаным з нацыянальнай ідэнтычнасцю, беларускай мовай і культурай.

Купалаўскі тэатр развівае тэатральную прастору праз новыя праекты, адкрыццё новых пляцовак, пашырэнне гастрольнай карты. Свой працяг атрымае праект "Музычныя вечары ў Купалаўскім". А 21 верасня ў Аляксандраўскім скверы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё сотага тэатральнага сезона.

Вольныя прафесіяналы ў класічным і сучасным мастацтве. Секцыяй "Верасень" Беларускі саюз мастакоў сёлета адзначае сваё 30-годдзе. Вопытныя майстры не абмежаваны ў сваіх творчых магчымасцях. Ад рэалізму і экспрэсіянізму  да сімвалізму і абстракцыі, ад алейнага жывапісу  да малюнка і друкаванай графікі. Ім усё падуладна.

Аб’яднанне "Верасень" сабрала цэлую плеяду таленавітых беларускіх мастакоў, якія яскрава заявілі аб сабе ў станковых, графічных серыях, у тэхніцы афорта, аўталітаграфіі, у малюнку і акварэлі, а таксама ў часопіснай і кніжнай графіцы і плакаце. Справаздачныя выставы "вераснёўцаў" адбываюцца раз у два гады і заўсёды адрозніваюцца тэматычнай і тэхнічнай разнастайнасцю. Мастак-графік Сяргей Волкаў шмат гадоў узначальвае "вераснёўцаў", якіх у секцыі больш за трыццаць.

Ці можна намаляваць гукі? Музыку Паганіні і нават Першы канцэрт Чайкоўскага? На гэтыя пытанні адказвае выстава беларускай мастачкі і дызайнера Ірыны Кузняцовай, якая адкрылася  ў Палацы мастацтваў.

У экспазіцыю ўвайшло каля 30 работ (жывапіс, камп’ютарная графіка, шкло, інсталяцыі). Усе яны прысвечаны музыцы, а ў рытмічных формах жывапісных работ можна пачуюць рытмы ўжо знаёмых музычных твораў - ад класікі да джазавых кампазіцый. Напрыклад, трыпціх "Першы канцэрт Чайкоўскага", Вівальдзі "Чатыры пары года", Шапэн "Накцюрн» (фа-дыез мажор), серыя "Музычная Амерыка 50-х гадоў".

Апошняя субота лета запрашае на заключны канцэрт у гэтым сезоне "Класіка ля Ратушы". У праграме - выступленне Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. 

Нясумных і прыемных выхадных!