Рэгіянальны адбор на "Млын моды - 2019" прайшоў у Віцебску

26 февраля 2019

У Віцебску прайшоў рэгіянальны адбор на Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота "Млын моды - 2019". Члены журы ацэньвалі ўжо сшытыя калекцыі маладых дызайнераў і сумесна з аўтарамі ўносілі праўкі. На выхад у фінал прэтэндуюць 14 канструктараў адзення з Віцебскага рэгіёна, большасць з іх - студэнты Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Сёлетні фестываль праходзіць пад дэвізам "Сардэчна запрашаем у Беларусь - краіну спорту і крэатыву", таму дызайнерам рэкамендавана пры рабоце над калекцыямі абапірацца на спартыўную і фальклорную тэматыку.

Святлана Гнядзёнак, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу "Млын моды": "Гэта не значыць, што яны павінны рабіць менавіта фальклорную беларускую калекцыю. Яны могуць узяць крыніцы інспірацыі з любой краіны. Гэта можа быць Афрыка з Кітаем. І было б выдатна, калі б гэта было адзенне, якое можна было ўкараніць у вытворчасць".

На гэтым тыдні рэгіянальныя адборачныя туры "Млыны моды" пройдуць у Гомельскай і Брэсцкай абласцях.