Прайсці скрозь "Браму-Парог-Дзверы" запрашае мастак Уладзімір Савіч

19 октября 2016

У мастацкай галэрэі Савіцкага майстар прадставіў выставу сваіх новых работ. Кожнае палатно - гэта нібыта акно, скрозь якое можна ўбачыць мінулае ці будучыню. На адкрыцці пабывала Ларыса Гулякевіч.

Яго маці была швачка, і, калі ў маленстве ён пачынаў нешта маляваць, яна раіла спачатку рабіць маленькімі рысачкамі, а потым, калі нешта атрымліваецца, аб'ядноўваць малюнак агульнымі рысамі. Так вясковы хлопчык з Лагойшчыны Уладзімір Савіч, зараз ужо мастак з сусветнай вядомасцю, пачынаў паказваць у сваіх карцінах настрой, атмасферу, нават філасофію родных мясцін.

Размаўляць на мове зямлі сваёй – гэта не абавязкова па-беларуску. Трэба ведаць сваю культуру, літаратуру і музыку. Дыхаць паветрам сваёй радзімы. Усё гэта, нават колеры Беларусі, прысутнічае ў творчасці мастака Уладзіміра Савіча.

Цэнтральны матыў, які праходзіць праз усе работы выставы, што адкрылася ў мастацкай галерэі Савіцкага, - вяртанне да "Брамы- Парога-Дзвярэй" - да сваіх каранёў. У экспазіцыі прапанавана каля 50 твораў, большасць з якіх экспануецца ўпершыню і зроблена за апошні год. Гэта зусім новы подых у творчасці ўжо вопытнага мастака-графіка, дзе ён спалучае розныя тэхнікі: акрыл, алей, калаж, шкло.

Уладзімір Савіч - мастак пазітыўны, сучасны, тут жыве гармонія прыгажосці мастака-філосафа. Экспазіцыя ў галерэі Савіцкага прадоўжыцца да 30 кастрычніка.