10 февраля 2017

Цудоўныя выхадныя з операй і балетам! Антыкварныя лялькі 19 стагоддзя – аўтарскія і фабрычныя паведамяць свае гісторыі. А геаметрычная абстракцыя пасялілася ў гістарычным музеі.

Як правесці уікенд, падкажа рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Каго не захапляюць аўтарскія лялькі - сапраўдныя творы мастацтва. Але што мы ведаем пра жыццё і рэстаўрацыю антыкварных лялечных герояў, якія з’яўляюцца да таго ж і гістарычнай каштоўнасцю?

Антыкварныя лялькі 19 пачатку 20 стагоддзя ў гасцёўні Уладзіслава Галубка, што ў Траецкім прадмесці. Вялікую калекцыю амаль з 70-ці лялек з Францыі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і іншых краін свету прадэманстравала рэстаўратар і калекцыянер Ала Тапаркова. Акрамя рарытэтных лялек, аксесуараў і нават мэблі тут і лялькі-палавінкі, якія паказваюць працэс рэстаўрацыі і сакрэты выканання, як аўтарскія, так і фабрычныя.

Геаметрычны абстрактны жывапіс у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Расійскі мастак пад творчым псеўданімам Іскан дэманструе персанальны праект.

Выстава называецца "Колераформы". Абстракцыяніст Іскандэр Ільязаў родам з Цераспаля і па адукацыі юрыст, але сваё мастацтва лічыць не часовым хобі, а такой даведкай свайго жыцця і сур'ёзнай прафесіяй. У абстрактных карцінах, намаляваных алеем, паказвае зашыфраваныя сюжэты і філасофію жыцця.

Навіны ад Вялікага тэатра Беларусі. У суботу шэдэўр Джузепэ Вердзі опера "Рыгалета" з удзелам Тыграна Аганяна, фіналіста праекта "Вялікая опера".

У нядзелю балет Людвіга Мінкуса "Дон Кіхот", прысвечаны легендарнаму танцоўшчыку, народнаму артысту Беларусі Віктару Саркісьяну. 70-гадовы юбіляр будзе прысутнічаць у зале.

Амаль 50 гадоў таму Віктар Саркісьян папоўніў балетную трупу Вялікага тэатра. Зараз народны артыст Беларусі, дацэнт, выкладае ў Акадэміі мастацтваў. Цікава, што менавіта партыя Базыля стала дэбютам на Вялікай сцэне ў пастаноўцы "Дон Кіхот". Гэтым спектаклем і адзначаецца юбілей артыста 12 лютага.

У нядзелю Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на свята "Кахаем па-беларуску" - да Дня закаханых. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.