Праект "Лінія і форма": выстава сямейнай пары Васюк

8 декабря 2022

Выставу "Творцы" сямейнай пары Уладзіміра і Тамары Васюк прэзентавалі ў сталічнай галерэі "Універсітэт культуры". Усе залы занялі керамічныя і графічныя творы знакамітых майстроў сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва.

Тамара Васюк - знакаміты пластык, прадстаўнік айчыннага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Уладзімір - вядомы плакатыст, афарміцель кніг, аўтар філасофскіх канцэптуальных графічных работ.

Абодва мастакі - выкладчыкі профільных вышэйшых устаноў. Іх выставачны збор - толькі частка вялікага аўтарскага праекта "Лінія і форма", якому сёлета спаўняецца 25 гадоў. І гэты юбілей не адзіны для сямейнага і творчага тандэма. Больш падрабязна Наталля Бардзілоўская.

Старадаўняя, ад народа, рэліквія на самым бачным, ганаровым месцы ў персанальнай экспазіцыі Тамары Васюк. Гладыш - цэнтр керамічнага Сусвету, які майстар стварае ўжо на працягу паўстагоддзя. Натхнёная Жыжалем - беларускім уладаром агню, мастачка стварыла сотні фігур, увасобіла тысячы вобразаў. Сучасныя, з яркім аўтарскім почыркам, нью-этна, але ў аснове народныя традыцыі рамяства, якім творца не здраджвае ніколі.

Абагульненыя жаночыя вобразы - багінь, чараўніц, маці і канкрэтныя гістарычныя постаці: Барбара Радзівіл - пані Нясвіжа, хрысціянкі-манашкі. Някідкія па колеры, але гучныя па форме і пластыцы прадметы - працяг доўгатэрміновага творчага праекта "Лінія і форма". Яго мастачка рэалізуе разам з мужам. Гэтая выстава называецца "Творцы" і дэманструе вынікі шматгадовых выяўленчых пошукаў і напрацовак арт-дуэта.

Як і жонка, Уладзімір Васюк выбірае нацыянальную тэму. Натхнёны постацямі Ефрасінні Полацкай, Скарыны, нашай Бібліяй, літаратурай Уладзіміра Караткевіча, мастак увасабляе на паперы казкі і паданні, міфы і гісторыі з беларускага летапісу.

Жывуць разам, але кожны ў сваёй творчай прасторы. У адной плыні, але непадобныя адзін да аднаго. Развіваюцца паралельна, абмяркоўваючы наватарскія ідэі... на кухні. Вось ужо паўвека разам.

Уладзімір і Тамара Васюк разам у мастацтве і па жыцці. Абодва з Гомельшчыны. Абодва паступалі ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Яна пачынала ў жывапісе, ён – у графіцы. Пяцьдзясят гадоў сумеснай творчасці і сямейнага жыцця. Зрэшты, тое, што будуць мужам і жонкай, ім прадказаў настаўнік Леанід Дубар.

Цяпер яны самі настаўнікі. Тамара выкладае ва ўніверсітэце культуры, Уладзімір - дацэнт Беларускай акадэміі мастацтваў. Многія з іх выпускнікоў сёння вядомыя майстры. І прыйшлі раздзяліць з таленавітай творчай парай радасць іх юбілеяў.