Святочную праграму да Дня маці рыхтуе ансамбль народнай музыкі "Бяседа"

3 октября 2018

14 кастрычніка - Дзень маці. Канцэртныя праграмы і святочныя мерапрыемствы пройдуць на некалькіх пляцоўках Мінска, у тым ліку і на галоўнай сцэне краіны. Па традыцыі сваё віншаванне рыхтуе і заслужаны калектыў Беларусі - ансамбль "Бяседа". Падрабязнасці ў Лідзіі Заблоцкай.

Творчы брэнд галоўнага медыяхолдынга краіны рыхтуе традыцыйны душэўны падарунак. У двухгадзіннай праграме канцэрта як добра вядомыя слухачам хіты "Чарка на пасашок", "Мы вам жадаем", "Маруся", так і прэм'еры. У абноўленым рэпертуары "Бяседы" песні пра восень, любоў да роднай зямлі і маці.

Нядаўна калектыў вярнуўся з Санкт-Пецярбурга, дзе выступленне прайшло з авацыямі. А зараз у пятай студыі Дома радыё на Чырвонай, 4 ідуць апошнія рэпетыцыі. Мастацкі кіраўнік калектыву Леанід Захлеўны працуе над звядзеннем новых аранжыровак.

Уся канцэртная праграма - своеасаблівы тэатр песні. Чаргаванне харавых, інструментальных і сольных нумароў. Толькі жывы гук.

27 гадоў на сцэне і больш за 300 канцэртаў на лепшых пляцоўках краіны і замежжа. Улюбёнцы публікі - ансамбль "Бяседа" - выступяць у Палацы Рэспублікі ўжо 14 кастрычніка.