Пазнаёміцца з культурай Ірана праз аўтэнтычныя матывы

19 июня 2018

Класічную музыку ўсходняй краіны прапанавалі на суд слухачоў у сталіцы выканаўцы з Тэгерана. Калектыў "Сурушэ Маўлана" гастралюе па розных краінах, традыцыйныя мелодыі выконваюць на народных інструментах. Сярод іх сантур - усходні аналаг цымбалаў, а таксама тар і даф - струнныя інструменты.

Абас Эскандары, намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Ірана ў Беларусі: "Мы бачым, што беларусы цікавяцца багатай культурай нашай краіны. Мы запрашаем прафесійных музыкантаў, каб людзі знаёміліся з нашай класічнай музыкай. Такім чынам мы развіваем двухбаковае ўзаемадзеянне. Акрамя таго, мы актыўна супрацоўнічаем паміж ВНУ, ладзім сумесныя праекты".

Сталічныя студэнты таксама вывучаюць персідскую мову. У эканамічным універсітэце працуе спецыялізаваная кафедра. Граматыку ўсходняй мовы асвойваюць і ў БДУ, а таксама лінгвістычным і педагагічным універсітэтах.