Вызначыўся парадак выступлення фіналістаў нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне 2016"

8 июля 2016

Сёння на Макаёнка, 9 адбылася жараб'ёўка выступленняў юных артыстаў. Парадак выступлення фіналістаў, а шоу пройдзе 26 жніўня, вы бачыце на сваіх экранах.

Каманды музыкантаў і творчая група Белтэлерадыёкампаніі абмеркавалі рабочыя моманты, для кожнага выканаўца склалі індывідуальны графік рэпетыцый, таксама музыкантаў агледзеў урач-фаніятар. Відэавізітоўкі для фіналістаў пачнуць здымаць у гэтым месяцы. А самі песні ў жніўні можна будзе пачуць у эфіры ранішняга тэлешоу "Добрай раніцы, Беларусь!".

Арганізатарам нацыянальнага адбору выступае Белтэлерадыёкампанія - адзіны ў нашай краіне прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. Прамую трансляцыю фінальнага шоу, якое традыцыйна праводзіцца ў форме гала-канцэрта, будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Пераможца нацыянальнага адборачнага тура прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" ў лістападзе на Мальце ў горадзе Валета.