Ганаровым госцем "Лiстапада" стаў узбекскі акцёр і рэжысёр Рустам Сагдулаеў

1 ноября 2018

Менш за суткі застаецца да старту галоўнай кінападзеі восені. Юбілейны, 25-ы, фестываль "Лiстапад" на гэты раз прымае больш як 140 гасцей з 36 краін свету, у тым ліку кінаэкспертаў з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Тайланда і Мексікі. "Лістападная" гісторыя для гасцей і журналістаў звычайна пачынаецца ў нацыянальным аэрапорце. Некаторыя ўжо паспелі сысці з трапа. У Мінск напярэдадні прыляцеў узбекскі акцёр і рэжысёр Рустам Сагдулаеў. Ён стаў ганаровым госцем форуму.

55 гадоў на экране і больш за паўсотні роляў. А ў 23 атрымаў усесаюзную славу, дзякуючы легендарнаму фільму "У бой ідуць адны старыя".

Рустам Сагдулаеў, акцёр, рэжысёр, ганаровы госць Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад": "Лістапад - адзіны фестываль, нідзе няма дабрэйшага за гэты фестываль. Сапраўды я вам гавару. Таму што людзі такія. Зямля ваша такая. Я адной нагой ступіў на малую маю зямлю. Чаму? Я тут здымаўся, іграў свайго земляка, Героя Савецкага Саюза, партызана-ўзбека - у яго была мянушка Казбек. Ганаруся, я вельмі рады, дзякуй арганізатарам фестывалю, што мяне знайшлі час запрасіць. І я вельмі буду рады сустракаць зараз маіх сяброў-кінематаграфістаў".

У спісе запрошаных гасцей і народная артыстка Расіі, актрыса Святлана Немаляева. Урачыстае адкрыццё фестывалю традыцыйна пройдзе ў кінатэатры "Масква".

Кінастартам стане стужка польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскі "Халодная вайна" - прэтэндэнт на "Оскар".

Усяго ў афішы "Лістапада" больш як 160 прэм'ерных паказаў на сямі пляцоўках сталіцы.