Першы адбор на ўдзел у конкурсе "Еўрабачанне" прайшоў сёння ў Белтэлерадыёкампаніі

26 ноября 2015

Сёння ў сценах Белтэлерадыёкампаніі адбылося першае праслухоўванне прэтэндэнтаў на "Еўрабачанне-2016".

У студыі "600 метраў" журы ацаніла 60 удзельнікаў. Усяго на адрас галоўнага медыяхолдынга краіны паступіла каля сотні заявак як ад сольных выканаўцаў, так і ад калектываў. Таму астатніх удзельнікаў суддзі ацэняць 1 снежня. Пуцёўку ў фінал папулярнага тэлепраекта атрымаюць не больш як 15 выканаўцаў. Пра закуліссе мерапрыемства - рэпартаж Іны Пілевіч.

Саладуха, ды не той. Калі Аляксандр парушыў правілы "Еўрабачання" і сышоў з конкурснай дыстанцыі, то цёзка Арцём упэўнена пакарае тэлешоу. Малады музыкант адмаўляе сваяцтва з выканаўцам "Чужой мілай" і выступае ў складзе групы.

Сёння ў сценах Белтэлерадыёкампаніі артысты выкарысталі ўсе магчымыя сродкі, каб запомніцца журы. Так зомбі, якія зрабілі сабе імя год таму ў гэтай студыі, грукаталі касцямі і літаральна развальваліся на часткі. А спявачка Аліяна прыбралася ў камп'ютарную праграму.

У спісе прэтэндэнтаў на пуцёўку ў Швецыю як самадзейныя калектывы, так і знакамітыя музыканты. Народны ансамбль "Спасаўка" з Жытківіч вырашыў даць адказ "Буранаўскім бабулям".

А вядомы расійскі кампазітар Віктар Дробыш напісаў песню для гамяльчаніна Аляксандра Іванова.

Аляксандр Іваноў, удзельнік нацыянальнага адборачнага тура "Еўрабачання-2016": "Я супрацоўнічаю з Віктарам Дробышам адносна нядаўна. Мы пачалі шчыльнае супрацоўніцтва пасля праекта "Галоўная сцэна". Там я ўзяў другое месца і першае месца на думку журы".

Першы этап нацыянальнага адбору на конкурс праходзіць у адкрытым фармаце - акрэдытаваны журналісты і фатографы двух дзясяткаў СМІ.

Праслухоўванне без купюр. За тым, што адбываецца ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі, можна сачыць анлайн. Вось гэта камера перадае карцінку ў рэжыме рэальнага часу на афіцыйны сайт медыяхолдынга - tvr.by.

У складзе судзейскай калегіі - 17 экспертаў. Сярод іх прадстаўнікі нашай краіны на "Еўрабачанні" мінулых сезонаў - Дзмітрый Калдун, Алёна Ланская, Тэа. Сёння яны праслухалі 60 заявак. Яшчэ 4 дзясяткі ацэняць 1 снежня. І толькі пасля аб'явяць не больш як 15 фіналістаў папулярнага тэлепраекта.

Тэа, прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2014": "У першую чаргу гэта музычны матэрыял, песня, яна павінна быць яркай, запамінальнай. Але песня не можа існаваць асобна ад выканаўца. Усё павінна сысціся разам - харызматыка, энергетыка артыста, песня".

А вось пераможца фіналу ў адрозненне ад мінулага года выберуць выключна гледачы. Выніковы канцэрт - не пазней за 25 студзеня. Само "Еўрабачанне" адбудзецца ў маі ў Стакгольме.